Расіяне атакавалі пункт пропуску "Ягадзін" дзякуючы рэтранслятарам у Беларусі — ДПСУ

Вышка мабільнай сувязі, ілюстрацыйнае фота

Вышка мабільнай сувязі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Расіяне змаглі атакаваць пункт пропуску "Ягадзін" каля мяжы з Польшчай дзякуючы рэтранслятарам у Беларусі, якія дапамагаюць дронам трапіць углыб тэрыторыі Украіны. Пра гэта заявіў спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь актыўна дапамагае Расіі пры атаках на тэрыторыю Украіны. "У тым ліку і рэтранслятарамі, якія ўключаюцца на тэрыторыі Беларусі, падсілкоўваюць сігнал для расійскіх дронаў, якія, уласна, заходзячы з тэрыторыі Расіі, далей трымаюцца каля мяжы з Беларуссю для таго, каб атрымліваць такі сігнал і мець магчымасць больш глыбока зайсці на тэрыторыю Украіны, у прыватнасці на заходнія вобласці: Ровеншчыну, Валынь, Львоўшчыну", — цытуе hromadske.ua словы Дземчанкі.

Ён падкрэсліў, што менавіта пры падтрымцы Беларусі адбылася атака на пункт пропуску "Ягадзін".

Дземчанка згадаў, што лукашэнкаўскі рэжым адключаў рэтранслятары ўлетку пасля ультыматуму з боку Уладзіміра Зяленскага. Аднак цяпер яны зноў уключаныя, кажа прадстаўнік ДПСУ.

Атака на пункт пропуску "Ягадзін" на мяжы з Польшчай адбылася ў ноч на 13 верасня. Падчас яе была пашкоджаная АЗС і лакаматыў пасажырскага цягніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.