Беларуская кампанія Прыгожыных за тры гады атрымала на рахункі амаль 9 млн рублёў
Яўген Прыгожын
Беларуская кампанія "Канкорд Менеджмент і Кансалтынг" з 2023 па 2025 год атрымала на рахункі амаль 8,7 млн рублёў. Асаблівасць кампаніі ў тым, што яе стварыў заснавальнік ПВК "Вагнер" Яўген Прыгожын, які загінуў у 2023 годзе.
Як высветлілі расследвальнікі "Бюро", з 2023 года на рахункі "Канкорда" паступілі 4,71 млн рублёў як крэдыты і пазыкі. Яшчэ 3,92 млн рублёў кампанія атрымала ў выглядзе "іншых паступленняў" ад бягучай дзейнасці.
Пры такіх немалых фінансавых уліваннях працуе "Канкорд" са стратамі: у 2025 годзе яны склалі 1,2 мільёна рублёў.
Афіцыйна асноўным відам дзейнасці "Канкорда" пазначанае кіраванне нерухомасцю, але кампанія не мае нерухомасці ў сваёй уласнасці. Вядома, гэта не перашкаджае займацца кіраваннем нерухомасцю, якая належыць іншым асобам. Аднак дакладная сфера дзейнасці "Канкорда" застаецца невядомай.
Фірма была зарэгістраваная ў Беларусі 19 ліпеня 2023 года — неўзабаве пасля няўдалага мяцяжу ПВК "Вагнер" у Расіі. Яе юрыдычная асоба зарэгістраваная ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёна — там, дзе быў створаны палявы лагер вагнераўцаў.
Першым кіраўніком "Канкорда" стаў сам Яўген Прыгожын. Пасля яго гібелі ў жніўні 2023 года кампанія не знікла, і ў ліпені 2024-га яе ўзначаліў сын заснавальніка ПВК — Павел Прыгожын.
Яго на пасадзе кіраўніка ў верасні 2026-га змяніў Віктар Васільевіч Гарбачэўскі. Як кажуць расследвальнікі, яго поўны цёзка з лістапада 2023 года ўзначальваў пецярбургскае АТ "Цэнтаўра", а потым стаў яго ліквідатарам. Кампанія была звязаная са структурамі Яўгена Прыгожына.