Расіян, затрыманых на турзлёце пад Расонамі, дэпартуюць з Беларусі — Радыё Свабода
Турыстычны летнік пад Расонамі / МУС
Амаль усіх затрыманых удзельнікаў турзлёту пад Расонамі выпусцілі ўжо 30 ліпеня. Над некаторымі правялі ўжо адміністрацыйныя суды і прызначылі вялікія штрафы. Пра гэта ў каментары Радыё Свабода расказаў Антон, абазнаны ў сітуацыі.
"Прэтэнзіяў да падзеі няма: маўляў, гэта не палітыка і нічога страшнага. Відаць, разагналі — абы разагнаць", — пракаментаваў ён. Таксама мужчына дадаў, што расійскіх удзельнікаў фэсту дэпартуюць і забароняць уезд у Беларусь на год. Паводле неафіцыйных звестак, расіян сярод удзельнікаў было 60 чалавек.
Фэст на беразе возера ў Расонскім раёне праводзілі ўдзельнікі руху "Сям'я вясёлкі" (Rainbow Family). Яны прытрымліваюцца ідэі гарманічнага суіснавання з прыродай. Паводле Антона, такія злёты ў Беларусі ладзілі цягам апошніх 16 гадоў. Сустрэчы праводзілі ў розных месцах. Людзі збіраліся на прыродзе і адзін месяц жылі разам.
"Гэта прастора, свабодная ад алкаголю, наркотыкаў і мяса. Кухня толькі вегетарыянская. Лес заўсёды застаецца некранутым пасля гэтых сходаў", — расказаў Антон журналістам.
29 ліпеня міліцыя разагнала злёт, у якім удзельнічала больш за 300 чалавек. Падставай для гэтага стала нібыта тэлефоннае паведамленне пра шумную музыку і вялікую колькасць людзей. Турзлёт міліцыя кваліфікавала як "несанкцыянаванае масавае мерапрыемства". Людзей затрымлівалі цэлымі сем'ямі, некаторыя дзеці правялі з бацькамі ноч у ІЧУ.
У Беларусі не ўпершыню затрымліваюць людзей, якія збіраюцца разам адпачыць. У Гомелі ў сакавіку затрымалі ўдзельнікаў "Гукання вясны", якія сабраліся ў адным з гарадскіх рэстаранаў. У Віцебску летась затрымалі каля 300 студэнтаў са Шры-Ланкі, якія разам адзначалі Новы год.