"Падпісант за альтэрнатыўных кандыдатаў" — за што выкрэсліваюць з рэестра Мінкульта

Афіцыёзны канцэрт

Афіцыёзны канцэрт / LookByMedia

Стала вядома, на якіх падставах чыноўнікі адмаўляюць арганізатарам культурніцкіх мерапрыемстваў уключаць іх у рэеестр Мінкульта. Праводзіць культурна-масавыя мерапрыемствы маюць права толькі тыя, каго ўключылі ў гэты рэестр. Адпаведны дакумент, выдадзены ў ведамстве ў лютым 2023 года, апублікавала аб'яднанне былых сілавікоў BELPOL.

У фармулёўках адмоваў пастаянна фігуруе пункт 1 артыкула 81 "Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры". Фактычна, ён абгрунтоўвае палітычную цэнзуру. Згодна з ім уводзіцца прамая забарона на абразу гонару і годнасці Лукашэнкі і кіраўнікоў дзяржорганаў, укараняецца жорсткі кантрольны фільтр, забарона любых формаў "экстрэмісцкай" дзейнасці, пазасудовае і адміністрацыйнае прыпыненне працы арганізацый, пашырэнне паўнамоцтваў кантралюючых органаў, татальны кантроль за любым кантэнтам, які патэнцыйна пагражае "грамадскаму парадку".

У дакуменце згадваюцца 1437 заяваў ад арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў. Чыноўнікі разгледзелі 992 з іх. Адмовы атрымалі 269 арганізацый, з якіх 180 знаходзяцца ў Мінску.

BELPOL прааналізаваў статыстыку адмоваў: 
36% адмоваў — 1-ы пункт артыкула 81 "Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры", на падставе ліста ад КДБ;
17,4% адмоваў — непрадастаўленне поўнага пакета дакументаў. Маецца на ўвазе выпіска аб правапарушэннях кіраўніка — іншымі словамі "адсутнасць інфармацыі аб пратэснай дзейнасці";
13,7% адмоваў — за тое, што кіраўнік з'яўляецца падпісантам за альтэрнатыўнага кандыдата ў прэзідэнты ці падпісантам адкрытага ліста дзеячаў культуры супраць дзейнай улады і за правядзенне новых выбараў;
14% адмоваў — за "дэструктыўную грамадзянскую пазіцыю" кіраўнікоў ці правядзенне культурных мерапрыемстваў з удзелам "дэструктыўна настроеных" удзельнікаў.

З рэестра арганізацый, якім дадзена права на арганізацыю культурна-відовішчных мерапрыемстваў, выключаныя 18 арганізацый. Прычым 16 з іх — у адпаведнасці з п.1 артыкула 81 "Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб культуры". 

"Падпісант за альтэрнатыўных кандыдатаў" — за што выкрэсліваюць з рэестра Мінкульта
"Падпісант за альтэрнатыўных кандыдатаў" — за што выкрэсліваюць з рэестра Мінкульта

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.