Нямецкая брыгада ў Літве будзе назіраць за Беларуссю і збіраць звесткі аб радарах
Нямецкія вайскоўцы / twitter.com/fdlx_com
Задачай пастаянная брыгады бундэсвера, якую ў наступным годзе разгорнуць у Літве, будзе выкарыстанне сродкаў радыёэлектроннай барацьбы (РЭБ) для ранняга папярэджання аб ваеннай актыўнасці ў Беларусі і Калінінградскай вобласці РФ. Пра гэта нямецкім СМІ паведаміў кіраўнік кіберпадраздзялення нямецкіх Узброеных Сіл віцэ-адмірал Томас Даўм.
Брыгада будзе збіраць звесткі пра беларускія і расійскія вайсковыя перадатчыкі і радыёлакацыйныя сістэмы. Па словах Даума, якія пераказвае DW, інфармацыю будуць збіраць у базы даных, а потым "інфармаваць нашы сістэмы пра з'яўленне новага радара на беларускім баку".
Цяпер бундэсвер у Літве выпрабоўвае сістэмы выяўлення дронаў, перахопу сігналаў і датчыкі, якія перадаюць аналітыкам звесткі з поля бою.
Даўм заяўляе, што дзеянні Расіі ў некаторых частках Еўропы дасягнулі той фазы, "калі мэтай з'яўляецца прычыненне шкоды", але яшчэ не дайшлі да парога ўзброенага канфлікту. "У кіберпрасторы пакуль яшчэ не ідзе вайна, але і міру ўжо няма", — акрэсліў ён цяперашнюю сітуацыю.