"Няма ў нас нянавісці. Мы ўсе родныя, перамяшаныя": жыхары Чарнігаўшчыны пра беларусаў

Дочкі Надзеі жывуць у Беларусі, яна — ва Украіне 

Дочкі Надзеі жывуць у Беларусі, яна — ва Украіне  / hromadske

За 40 кіламетраў ад Беларусі знаходзіцца 11-тысячны гарадок Сноўск. З мінулага года Сноўская грамада афіцыйна прызнана зонай актыўных баявых дзеянняў: з Расіі, да якой ад горада ўсяго 30 кіламетраў, пастаянна ляцяць дроны, знішчаючы і выпальваючы ўсё навокал.

Праз вайну ў 13 з 56 сёл і хутароў грамады не засталося ніводнага жыхара. Частка населеных пунктаў каля мяжы была спалена дашчэнту. У некаторых абвясцілі абавязковую эвакуацыю.

Пра тое, як жывуць пад дронамі жыхары Сноўска і яго наваколля, піша hromadske.

 

Былы Шчорс і лакаматыўнае дэпо

У 30-х гадах мінулага стагоддзя савецкая ўлада перайменавала тысячагадовы Сноўск у Шчорс: тут нарадзіўся вайсковы бальшавіцкі камандзір часоў савецка-ўкраінскай вайны 1917–1922 гадоў Мікалай Шчорс. Дзесяць гадоў таму гораду вярнулі яго гістарычную назву.

Сноўск — гарадок чыгуначнікаў: больш за 150 гадоў таму праз яго праклалі чыгунку і пабудавалі ў цэнтры лакаматыўнае дэпо. Вакол яго хутка з’явілася неабходная інфраструктура: школа для дзяцей чыгуначнікаў, чыгуначнае вучылішча і школа машыністаў. Таксама пабудавалі клуб для чыгуначнікаў. Гэты драўляны будынак захаваўся да сёння. На чыгунцы працавала каля траціны насельніцтва. Горад развіваўся: дзеці чыгуначнікаў часта выбіралі прафесію бацькоў.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Царква ў цэнтры горада / Аляксей Самсонаў / hromadske

Дэпо, адно з найстарэйшых ва Украіне і адзінае, дзе рамантавалі і абслугоўвалі паравозы розных серый і гадоў выпуску, працавала да нядаўняга часу. Тут вярталі на рэйкі нават музейныя экспанаты. Напрыклад, у Кіеве вакол сталіцы курсіруе рэтра-цягнік, яшчэ адзін катае дзяцей падчас свят. Але з пачатку гэтага года Расія наносіць удары па дэпо, разбураючы будынкі, абсталяванне і гістарычную памяць.

На тэрыторыю дэпо нас не пусцілі: “Шахеды прылятаюць сюды літаральна штодня. Усяго за некалькі метраў ад яго знаходзіцца цэнтральная плошча. Тут працуюць і не зачыняюцца падчас паветранай трывогі крамы, рынак, цырульня, сталовая са смачнай і недарагой ежай на вагу (я за боршч, салату і галубцы заплаціла 113 грыўняў. — Рэд.), адміністрацыйныя будынкі, прыпаркавана шмат машын.

 

Муж дае грошы на Шанэль, а я друкую на іх газеты

Працуе і рэдакцыя мясцовай раённай газеты Промінь. Газеце ўжо 109 гадоў, і яна дагэтуль выходзіць у друкаваным выглядзе — вельмі рэдкая зява ў лічбавую эпоху. Рэдактарка Алена Кампанец выбягае насустрач, хапае паўлітра чарніц у бабулі, якая гандлюе каля ўвахода ў рэдакцыю, і аддае іх нам. На ляту кідае прадаўшчыцы: “Заўтра разлічымся”.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Рэдактарка газеты "Промінь" Алена Кампанец / Аляксей Самсонаў / hromadske

З вясны ў рэдакцыі ўжо чатыры разы выбівала вокны — а яны тут вялікія, старыя, з драўлянымі рамамі, — гнуліся дзверы. Апошні раз гэта здарылася на пачатку лета. Усе тры супрацоўніцы былі на месцы. Шкло, вазоны і люстра абрынуліся на падлогу, а жанчыны — проста на іх. У кабінеце Алены вокны дагэтуль забіты плёнкай. Усе гэтыя пашкоджанні — праз блізкасць чыгункі.

Газету ўжо трэба закрываць, — прызнаецца Алена. Будынак, у якім нават да вайны ўзімку тэмпература была ўсяго +6…+7 °C, цяпер пашкоджаны, і рамантаваць яго няма каму. Цяпер наклад газеты — 760 асобнікаў па падпісцы і яшчэ каля 200 прадаецца штомесяц (у найлепшыя часы наклад дасягаў 6 тысяч асобнікаў. — Рэд.). Грошай не хапае ні на друк, ні на заробкі. А яны і без таго мізэрныя: палова стаўкі ад мінімальнага заробку — 4323 грыўні (каля 85 еўра. — Рэд.). Пасля выплаты падаткаў супрацоўніцы атрымліваюць на рукі літаральна капейкі. Смяюцца, што насамрэч займаюцца валанцёрствам.

“Нам вельмі цяжка, — прызнаецца Алена і дадае, што калі яе муж (ён жыве ў ЗША. — Аўт.) дасылае ёй грошы на новыя боты ці духі Chanel, яна траціць іх на пагашэнне даўгоў за друк газеты. — Рэдакцыйны халадзільнік ужо прадалі. Канапу з майго кабінета таксама хочам прадаць, але пакуль ніхто не купляе”, — смяецца яна. Ад гэтага смеху становіцца сумна.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Рэдакцыя раёнкі "Промінь" / Аляксей Самсонаў / hromadske

Алена і дзве яе калегі цяпер выконваюць працу, якую раней рабілі 13 чалавек: пішуць тэксты, рэдагуюць, фатаграфуюць, вярстаюць газету і прыбіраюць памяшканне. Калі адна з іх зламала нагу, яна ўсё роўна хадзіла на працу на мыліцах, а праз прыступкі яе пераносіў муж.

Навошта ўсе гэтыя пакуты?

“Таму што мы — адзіная крыніца інфармацыі ў раёне. У горадзе і грамадзе няма іншых выданняў. А перайсці толькі ў інтэрнэт, як зрабіла большасць СМІ ва Украіне, мы не можам: сувязь працуе праз раз. А людзям трэба расказваць праўду. Мы ж усе глядзім адзін аднаму ў вочы, горад маленькі, усе ўсіх ведаюць,цвёрда кажа рэдактарка.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Шыльда на будынку рэдакцыі газеты "Промінь" / Аляксей Самсонаў / hromadske

Алена — унікальны чалавек, для якога вернасць газеце, у якой яна працуе ўжо чвэрць стагоддзя, — справа гонару. Яе пазіцыя выклікае і захапленне, і замілаванне.

“У горадзе лічаць, што мы звар’яцелі, але мы любім сваю справу”, — проста каментуе яна і вельмі просіць пахваліць свой калектыў.

 

“Заляцеў вогненны шар, і мы ўспыхнулі, як паходні”

Твары на фотаздымках распухлі так, што вачэй амаль не відаць. На іх — тры жанчыны з сяла Сноўскае, якая знаходзіцца за сем кіламетраў ад Сноўска. Валянціна Ушата, Галіна Смелавец і Ірына Швец паказваюць свае здымкі, зробленыя 31 мая. У той дзень жанчыны сабраліся ў сельскім клубе, каб паразмаўляць. Побач некалькі падлеткаў гулялі ў Манаполію і шашкі.

Каля 22-й гадзіны (клуб працуе да 23:00. — Рэд.) у памяшканне заляцеў вогненны шар. Хтосьці закрычаў: “Прылёт!”

Падлеткі першымі выбеглі на вуліцу. Застаўся толькі ўнук Галіны — 15-гадовы Уладзік. Менавіта ён патушыў полымя на галовах бабуліных сябровак і сарваў з іх адзенне, якое гарэла.

Жанчыны паказваюць месца, дзе сядзелі ў той вечар. Цяпер там абвалілася сцяна, а зверху навісае абгарэлая драўляная бэлька. Ад Дома культуры застаўся толькі каркас — будынак імгненна ўспыхнуў, ператварыўшы людзей, якія былі ўнутры, у жывыя паходні. У бальніцы жанчынам давялося састрыгчы абпаленыя валасы.

Цяпер валасы паступова адрастаюць: у кагосьці ўжо да кароткай стрыжкі, у кагосьці — толькі да вожыка, які немагчыма прыгладзіць. Жыхаркі Сноўскага прыкрываюць твары ад пякучага сонца рукамі, на якіх чырвонымі плямамі засталіся сляды апёкаў. Ад прамых сонечных прамянёў яны баляць яшчэ мацней. Жанчыны просяць фатаграфаваць іх толькі са спіны — саромеюцца свайго выгляду.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Спалены "Шахедам" ДК у сяле Сноўскае / Аляксей Самсонаў / hromadske

“Гэта была адна з самых актыўных устаноў культуры ва ўсёй грамадзе, — расказвае начальніца аддзела культуры і турызму Сноўскага гарадскога савета Наталля Дабненка, якая прыехала з намі з горада. — Калі клуб пабудавалі, а гэта былі 1960-я гады, сельскі хор не змяшчаўся на сцэне. Спевакі стаялі нават пад сцэнай. Апошнія дзесяцігоддзі клубныя ўстановы ва Украіне фінансуюцца па рэшткавым прынцыпе. Калі бібліятэкі яшчэ неяк трымаюцца, то сельскія клубы ўжо даўно не могуць дазволіць сабе амаль нічога.

Летась работнікі культуры выйгралі грант. Дзякуючы яму Дом культуры атрымаў ноўтбук, стол для настольнага тэніса, настольныя гульні, крэслы-качалкі, дзіцячыя гульнявыя домікі, падобныя да намётаў або вігвамаў, новыя крэселцы і спартыўны інвентар.

Клуб літаральна ажыў. Сюды пачалі прыязджаць нават жыхары Сноўска, бо ў самім горадзе культурныя ўстановы працуюць толькі ва ўкрыццях.

“Тут была аддушына для ўсіх!” — кажа дырэктарка Дома культуры.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Улад ратаваў бабуліных сябровак з клуба, куды прыляцеў дрон / Аляксей Самсонаў / hromadske

Пацярпелыя жанчыны расказваюць, што дроны лётаюць над сялом штодня: кружляюць, нешта вышукваюць, фатаграфуюць.

“Сядзіш на лаўцы — яны цябе шчоўкаюць. Ноччу выйдзеш у прыбіральню — вісяць проста над галавой. Еду на скутары — дрон ляціць следам”, — абураецца Ірына Швец, пачухваючы абпаленую руку.

“Бывае, прачынаюся, а ложак падскоквае ад выбухаў недзе побач. А калі ляціць ракета, думаеш, што вось-вось дах сарве, — уздыхае Галіна.

Пах летняга лугу і квітнеючай бульбы казыча ў носе, а недзе ўдалечыні глуха збіваюць дроны.

Знікае гаворка: у кожнага сяла свая, унікальная

“Думаю, у ворагаў такая мэта — знішчыць усё ўкраінскае: клубы, бібліятэкі, мастацкія школы, — разважае Наталля Дабненка, адпачываючы ў прахалодзе альтанкі ў садзе ў цэнтры вёскі. — Каб дзецям не было дзе вучыцца, каб моладзь з’язджала. Гэта такая жорсткая палітыка. Яны выплюхваюць злосць за тое, што мы не сустрэлі іх з вышыванымі ручнікамі ў 2022 годзе. А калі ніхто да іх не выбег, для іх гэта быў шок.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Наталля Дабненка расказвае пра знішчаную культуру Сноўскага раёна / Аляксей Самсонаў / hromadske

Яна ўспамінае першыя дні ўварвання: па асветленай вечаровай вуліцы едуць танкі, а людзі перагароджваюць дарогі. У адным сяле за супраціў галаву забралі ў палон — дагэтуль невядома, дзе ён.

Наталля, якая загадвае аддзелам культуры і турызму грамады, скардзіцца: расіяне знішчаюць тое, што немагчыма аднавіць. У прыватнасці, унікальную архітэктуру Чарнігаўшчыны, для якой характэрна драўлянае карункавае аздабленне. У спаленых сёлах на памежжы засталіся разбураныя дамы, якія майстры ўпрыгожвалі разьбой у 1960-х гадах мінулага стагоддзя. Драўляныя выцінанкі на хатах цяпер захаваліся толькі на фотаздымках у альбоме, які Наталля сумна гартае.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Сноўскія дамы / Аляксей Самсонаў / hromadske

Знікае таксама ўнікальная гаворка гэтых сёл — у кожным была свая.

“Вось у Клюсах была такая гаворка — не руская, не ўкраінская і не беларуская. Нешта сярэдняе з усіх моў. Але яе можна было зразумець. А ў Смач паедзьце — доўга будзеце думаць, што яны кажуць. Вось да мяне прыязджаў чалавек з нашага Горска, раней працаваў у культуры, а цяпер — у Чарнігаве. І ўжо размаўляе па-іншаму… Знікаюць традыцыі: напрыклад, недзе рыбу вэндзілі па-асабліваму. Жыхары выехалі. Няхай яны і забяруць гэтыя веды з сабой, але гэта ўжо будзе іншая рыба, іншыя ўмовы”.

Загадчыца дадае:

Калі я бачу людзей з выгаралых вёсак, заўважаю: у іх не тыя вочы. Не спалоханыя, не пустыя. Але так сумна ў іх глядзець — столькі там гора.

 

Еліна спалілі немцы ў 1943-м, у 2024-м — расіяне

Людміла і Васіль Дразды — са спаленай вёскі Еліна, за чатыры кіламетры ад мяжы з Расіяй. Цяпер яны жывуць у вёсцы Енькава Рудня — за 35 кіламетраў ад мяжы.

Мая мама, 1933 года нараджэння, яшчэ памятала Другую сусветную вайну, — распавядае Людміла, уладкаваўшыся за драўляным сталом у двары пад вінаградам. Шэры кот Томік ходзіць па стале, лашчыцца, зазірае ў камеру. — Немцы забілі 500 чалавек за дапамогу партызанам. Хаты палілі, засталіся толькі коміны. Мае бацькі схаваліся, бацька быў сувязным у партызан. Яны ўцяклі ў расійскую вёску, а калі немцы адступілі, вярнуліся ў сваю. Капалі зямлянкі, а потым патроху адбудаваліся.

Людміла з мужам нарадзіліся там жа, вучыліся ў адной школе. Пабраліся шлюбам — яны разам ужо 34 гады. У іх два сыны і дачка. Сын служыць, а зяць-памежнік загінуў у 2022 годзе.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Сям'я Драздоў баіцца, што зноў давядзецца ўцякаць ад вайны / Аляксей Самсонаў / hromadske

Расіяне ўпершыню абстралялі Еліна ў студзені 2023 года. Снарад трапіў у дом суседзяў Драздоў. Потым людзей, якія хаваліся ў склепе (двух перасяленцаў з Данбаса і двух мясцовых жыхароў. — Рэд.), забіла прама там. Дзевяць мін цэлілі туды, а дзясятая прабіла дах.

Мы зразумелі, што склеп — гэта не сховішча, трэба з’язджаць. Карову прадалі. Вельмі цяжка было і балюча ўсё пакідаць, бо ўсё роднае. Думалі: вайна скончыцца, няхай мы ўжо не вернемся, бо тут купілі дом. Але там застанецца наш дамок. Там жа які лес, прырода, ягады! А цяпер усё выпалена, усю вёску спалілі, — у Людмілы на вочы наварочваюцца слёзы. — Пасля пажару я там не была, і не хачу ехаць. У памяці засталося Еліна такім, якім яно было. Адзінае, чаго хочацца, — убачыць магілы бацькоў, бабуль і дзядуль”.

Да мінулага года ў Енькавай Рудні панавалі цішыня і спакой. Рай.

Цяпер міма нас «Шахеды» сноўдаюць адзін за адным, усё гудзе. Я ніколі не баялася, а вось было некалькі начэй, што ўставала, апраналася, садзілася за грубку — страшна. Дроны збівалі, яны падалі, і дом тросся, — Людміла распавядае ўсё сама. Яе муж сядзіць на ганку і рэдка ўстаўляе слова. У ягонай мове чуваць гаворка, якую не так проста зразумець.

Унучка Саламея бегае побач, нешта сваё расказвае, гуляе з двума сабакамі — Арчы і Дружком. Гэтай восенню ёй ісці ў першы клас.

Хочаш не хочаш, а закрадаецца думка: а як ёй вучыцца? А як хадзіць у школу пад абстрэламі ў Сноўску? А можа, зноў давядзецца нам куды-небудзь ехаць? Прадаць тут дом нерэальна — хто яго купіць? І куды ехаць? У Кіеве — сын, але там таксама не цукар. Усе нашы стараюцца трымацца бліжэй да сваіх дамоў, далёка не з’язджаць, — горка падсумоўвае Людміла. 

Выходзім на вуліцу — чуваць, як набліжаецца разведвальны дрон. Ён гудзе. Хаваемся пад дрэвамі. Не заўважыў.

 

Не эвакуіруюцца: жывуць і паміраць не збіраюцца

Яшчэ ў 2025 годзе ў нас было спакайней, чым цяпер. Але цяпер Расія ўзялася за нас сур’ёзна. Жыхары пачалі выязджаць. Але з грамады з’ехалі ўсяго каля чатырохсот чалавек: астатнія жывуць тут, проста перабраліся ў вёскі на поўдзень ад мяжы. Для людзей, якія перажылі пекла, там ім ужо здаецца бяспечней. А насамрэч няма ўжо ніводнай вёскі ў грамадзе, куды б нічога не прылятала, — кажа галава Сноўскай грамады Аляксандр Мядзведзеў. Яго сапраўднае прозвішча — Медвєдєв, але калі 16-гадоваму Аляксандру афармлялі ўкраінскі пашпарт, у дакументы запісалі “Медведьов”. У 2022 годзе акупанты ўзялі яго ў палон. Яны патрабавалі 15 тысяч долараў выкупу. Родныя і сябры сабралі грошы — і так Аляксандра вызвалілі.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах

Галава ўспамінае загінулых мясцовых жыхароў: жанчына збірала траву для трусоў — і ў яе прыляцела; у мужчыну трапіў дрон, калі ён ставіў машыну ў гараж у сваім двары; у сяле Еліна міна пахавала чацвярых чалавек у склепе. Зусім нядаўна аскепак дрона ледзь не забраў жыццё мясцовай дэпутаткі Вікторыі Нікіценка, калі яна прыйшла наведаць магілу свайго загінулага мужа-воіна. Жанчына схавалася за царквой, але кавалак надмагілля (дрон разбурыў некалькі помнікаў героям. — Рэд.) разбіў ёй руку.

“Сёння тэлефанавала наша былая бібліятэкарка з памежжа. У яе сын ваюе, а сама яна не хоча эвакуіравацца, хоць жыве з выбітымі вокнамі. Ёй 79 гадоў, на ровары яшчэ ездзіць, куды ёй трэба. Пытаюся: «Вы не баіцеся?» — «А чаго баяцца? Ляціць і ляціць. Сёння менш ляцела, нашы хлопцы 18 “Шахедаў” збілі, ніводнага не прапусцілі», — распавядае загадчыца аддзела культуры і турызму.

І дадае, што галава адной з вёсак кожны дзень аб’язджае сваю тэрыторыю, хоць там пастаянна страляюць. Ён сочыць за жыхарамі, якія не эвакуіраваліся. Іх засталося 40 чалавек. Яны пафарбавалі аўтобусны прыпынак, высаджваюць кветкі на клумбах, самі чысцяць студні, нарыхтоўваюць дровы. У вёсцы засталося пяць кароў — малако дзеляць паміж усімі. Сувязі з імі амаль няма, але яны “жывуць і паміраць не збіраюцца”.

 

Знайсці працу — праблема

Аляксандр Мядзведзеў паказвае разбураныя і пашкоджаныя школы, дзіцячыя садкі, гімназію. А яшчэ — завод харчовых тавараў. Прадпрыемства выпускала больш за 100 відаў салодкага, якімі мясцовыя вельмі ганарыліся.

Вакол багата зеляніны, спеюць вішні, а пад нагамі хлюпаюць шаўкоўніцы.

“Праз нашу чыгуначную станцыю праходзілі не толькі пасажырскія цягнікі па ўсёй краіне. У нас грузілі кукурузу, насенне і гэтак далей. Таксама разбураюць прадпрыемствы — таму ў людзей становіцца ўсё менш месцаў для працы. Знайсці новую працу ў Сноўску — праблема. Цэляцца расіяне ў ФАПы, школы, дамы культуры, дамы, каля якіх шмат машын, бо думаюць, што там знаходзяцца ўкраінскія вайскоўцы. Яны адціскаюць насельніцтва ад мяжы, адсоўваюць яго на поўдзень, — тлумачыць Мядзведзеў.

Галава не хоча, каб пра Сноўск гаварылі як пра страчаны горад. Ён падкрэслівае, што не ўсё тут гарыць і зачыняецца. Працуе музычная школа, спартыўная школа, дзе ёсць секцыі кікбоксінга, вольнай барацьбы, футбола, лёгкай атлетыкі, тэніса, гімнастыкі, картынга. Хваліцца музычнымі калектывамі і сучасным цэнтрам адміністрацыйных паслуг “Дзія”, які пабудавалі некалькі гадоў таму.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Сноўскія могілкі / Аляксей Самсонаў / hromadske

Мясцовы базар і размовы пра Беларусь

Многія мясцовыя падзарабляюць на ягадах і грыбах. На базарчыку чарніцы каштуюць 70 грыўняў за паўлітровы слоік, лісічкі — па 50–60 грыўняў.

Аднак хадзіць у лес сёлета асабліва небяспечна: там шмат неразарваных снарадаў, ляжаць рэшткі дронаў.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Сноўскі базар / Аляксей Самсонаў / hromadske

Наталля Дабненка запэўнівае: Ды нашы людзі нічога не баяцца. «Ягада пайшла» — гэта лозунг гэтых тыдняў. Трэба паспець і назапасіцца, і прадаць.

Купляем дадому па некалькі слоікаў чарніц у мясцовых жанчын. Сама сабой завязваецца размова пра Беларусь.

Мы заўсёды жылі на скрыжаванні меж. Манумент дружбы стаяў. "Тры сястры" называўся. І ездзілі адзін да аднаго, жаніліся. У кагосьці ў Беларусі мама, у кагосьці дзеці, сваты, сябры. Няма ў нас нянавісці да беларусаў, бо ўсе родныя, усё перамяшана. Да Расіі ёсць [нянавісць], з роднымі адтуль не размаўляем.

"Нет у нас ненависти. Мы все родные, перемешанные": жители Черниговщины о белорусах
Дочкі Надзеі жывуць у Беларусі. Яна перажывае, што іх не прымуць ва Украіне / Аляксей Самсонаў / hromadske

Іншая жанчына, з цалкам сівымі валасамі, называецца Надзеяй, дадае:

У мяне дзве дачкі ў Беларусі. Душой яны з намі, ведаюць усё, што тут адбываецца. Адна бяда — я іх не бачыла са студзеня 2024 года, калі яны апошні раз прыязджалі. Засумавала па іх і па ўнуках… Мы да іх з дзедам не даедзем: мне 79 гадоў, яму 84. Не ведаю, калі яшчэ ўбачымся. Можа, пасля вайны. Перажываю, каб Беларусь не пайшла на нас вайной, бо дачкі тады не прыедуць. Украінцы іх не ўспрымуць.

Ды якая праблема, — смяецца мужчына, абапіраючыся на ровар. — Людзі з Беларусі ляцяць у Турцыю, адтуль — у Польшчу, а потым едуць ва Украіну да родных. Мае суседзі ўжо двойчы так за час вайны ў Сноўску былі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.