У Светлагорску і Акцябрскім з'явіліся вучэбныя блокпасты
Удзельнік тэрабароны / "Флагшток"
У Светлагорску і Акцябрскім усталявалі вучэбныя блокпасты, піша "Флагшток". Іх уладкаванне аналагічнае кантрольна-прапускным пунктам на двух выездах з Гомеля.
Пункты складаюцца з бетонных блокаў і слупоў, зверху над імі нацягнута антыдронавая сетка.
Як паведамляе выданне, у Акцябрскім мясцовая тэрытарыяльная абарона выкарыстала расійскую схему тактычных абазначэнняў: на руках і нагах удзельнікаў былі палосы чырвонага скотчу. Такія палосы паўтараюць тактычныя знакі, якія ўжываюцца ў ходзе расійскай ваеннай кампаніі ва Украіне.
Ваенныя гульні, у рамках якіх усталявалі блокпасты, працягнуцца да 22 верасня.
Нагадаем, што гомельскія ўлады раней так афіцыйна і не растлумачылі, чаму на ўездах у горад будуюцца блокпасты.
Іх усталёўка была заўважана ў пачатку верасня на ўездзе ў Гомель з боку Чарнігава ў Навабеліцу (М-10), а таксама на дарозе ў Зябраўку (Карэнеўскае шасэ).
У тым ліку на слупах мацуюцца канструкцыі з антыдронавымі сеткамі, на дарозе ставяцца знакі з указаннем зменшыць хуткасць.