Новая практыка допытаў на мяжы: распрананне здымаюць на відэарэгістратар

Мяжа, ілюстрацыйнае фота

Мяжа, ілюстрацыйнае фота / Reuters

Да допытаў на беларуска-польскай мяжы дадалася новая практыка. Цяпер акрамя допытаў КДБ адбываецца асабісты дагляд з распрананнем. Рэдакцыя выдання MOST заяўляе пра некалькі вядомых такіх выпадкаў. Пра адзін з іх падрабязна расказалала суразмоўца выдання.

Надгляды з распрананнем практыкаваліся і раней. Мытнікі карысталіся такім метадам, калі падазравалі, што падарожнік можа правозіць наркотыкі або забароненыя прадметы. Цяпер жа яго прымяненне распаўсюджваецца на тых, каго выклікаюць на гутаркі з супрацоўнікамі КДБ.

Беларуска расказала журналістам, што часта ездзіць з Беларусі ў Польшчу і назад. Да традыцыйных допытаў на мяжы яна прызвычаілася. Але апошні яе візіт быў адзначаны пільным надглядам машыны, рэнтгенам, размовай з супрацоўнікамі КДБ і... распрананнем.

Жанчына кажа, што ў яе тэлефоне зрабілі выбарку па падабайках у сацсетках і знайшлі пазнакі за 2020 год: "Я нават не ведала, што так можна. Нібыта ўсё пачысціла даўно ў тэлефоне. А яны знайшлі падабайкі за 2020 год. І кажуць мне: "Ну ўсё, цяпер паедзеш у турму".

Беларуска адзначае, што яе стараліся запалохаць. Пасля допыту машыну адправілі на рэнтген, а саму жанчыну павялі на асабісты дагляд. У чарзе, дарэчы, былі яшчэ некалькі жанчын.

"Мяне адвялі ў нейкі пусты пакой. Там было дзве супрацоўніцы мытні — як я зразумела, панятыя. Прапанавалі зачытаць мне правы, а потым сказалі, што цяпер я павінна буду распрануцца. Уключылі відэарэгістратары. У мяне склалася ўражанне, што панятым гэтая працэдура самім непрыемная", — згадвае яна.

Яна распранулася да бялізны перад трыма супрацоўніцамі і камерамі, яе аглядзелі, пасля чаго дазволілі апрануцца. Агляд доўжыўся нядоўга, успамінае жанчына.

Беларуска кажа, што ўвесь час допытаў і надгляду ў машыне заставаліся дзеці. У пункце пропуску яна правяла амаль сем гадзін.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.