Казаць пра спад рэпрэсій у Беларусі рана — Бяляцкі каментуе сваё абвяшчэнне ў вышук

Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

Масавыя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, і казаць пра іх спад рана. Так лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі пракаментаваў тое, што ў Беларусі яго абвясцілі ў вышук.

Праваабаронцу абвясцілі ў вышук яшчэ 5 жніўня, але вядома пра гэта стала толькі 18-га. Картка з ягонымі данымі з'явілася ў базе вышуку МУС Расіі. У ёй пазначана, што нобелеўскага лаўрэата шукаюць па крымінальнай справе, але канкрэтны артыкул Крымінальнага кодэкса не называецца.

Бяляцкі мяркуе, што падставай для новай крымінальнай справы маглі стаць ягоныя выступы ў абарону правоў чалавека ў Беларусі.

"Пасля вызвалення я актыўна каментаваў незалежным СМІ катастрафічную сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, выступаў на міжнародных канферэнцыях, удзельнічаў у сустрэчах і даводзіў інфармацыю пра стан грамадзянскіх і палітычных свабод у Беларусі. Таму няма нічога дзіўнага, што я таксама апынуўся ў гэтым спісе. Я буду надалей працягваць сваю справу — гаварыць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў Беларусі",перадае яго словы праваабарончы цэнтр "Вясна".

Нобелеўскі лаўрэат адзначае, што рэжым Лукашэнкі цяпер актыўна карыстаецца такой формай транснацыянальнага пераследу супраць беларускіх актывістаў.

"З аднаго боку, яны пагадзіліся на памілаванні палітвязняў і абмен іх на зняцце санкцый. Але з другога — відавочна, што масавыя рэпрэсіі працягваюцца. Казаць пра іх спад у Беларусі яшчэ рана", — падкрэслівае праваабаронца.

Бяляцкага вызвалілі ў групе іншых палітвязняў 13 снежня 2025 года паводле дамоўленасцяў Лукашэнкі з адміністрацыяй Трампа. Тады па памілаванні на волю выйшлі 123 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.