Над Румыніяй збілі беспілотнік, які парушыў яе паветраную прастору
Дрон "Гербера" / historiawojen.pl
Ваенна-паветраныя сілы НАТА збілі беспілотнік, які парушыў паветраную прастору Румыніі. Гэта ўжо чацвёрты дрон, знішчаны ў небе над краінай з пачатку года, паведамілі ў Міністэрстве абароны Румыніі, піша hromadske.
Каб збіць дрон у неба паднялі іспанскі знішчальнік F-18, які выконвае місію НАТА па патруляванні паветранай прасторы ў Румыніі. Радары зафіксавалі дрон, калі той заляцеў на тэрыторыю краіны з боку Малдовы — прыблізна за 24 кіламетры на поўнач ад румынскага горада Галац.
У Міністэрстве абароны Румыніі не ўдакладнілі паходжанне беспілотніка. Яго ўламкі ўпалі ў незаселенай зоне паміж дзвюма вёскамі, абышлося без пацярпелых.
14 жніўня ў Румыніі тройчы аб'яўлялі паветраную трывогу праз дроны. Тады адбывалася расійская атака на Адэскую вобласць. А 11 жніўня румынскія ваенныя знішчылі два дроны тыпу "Гербера", якія дрэйфавалі паблізу марскога газавага праекта Neptun Deep у Чорным моры.