Дарадца Ціханоўскай заклікаў адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі

Турма

Турма

Смяротнае пакаранне пазбаўляе чалавека шанцу даказаць сваю невінаватасць, а судовую памылку робіць незваротнай. Пра гэта 10 кастрычніка, у Сусветны дзень супраць смяротнага пакарання, заявіў дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Леанід Марозаў. Ён падкрэсліў, што пажыццёвае зняволенне таксама з'яўляецца цяжкім пакараннем, але пазбаўленне чалавека жыцця дзяржавай нельга апраўдаць.

Марозаў адзначыў, што сам прысутнічаў у беларускіх судах, дзе людзям выносілі смяротныя прысуды. Паводле яго, ва ўмовах палітычных рэпрэсій і адсутнасці незалежнага правасуддзя смяротнае пакаранне асабліва небяспечнае: яго могуць прымяніць супраць палітычных апанентаў.

8 кастрычніка Каардынацыйная рада чацвёртага склікання прыняла рэзалюцыю з патрабаваннем неадкладна адмяніць смяротнае пакаранне ў Беларусі. У дакуменце таксама раскрытыкавалі змены ў заканадаўстве 2022 і 2023 гадоў, якія пашырылі магчымасці яго прымянення, у тым ліку за замах на тэракт і дзяржаўную здраду.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.