Мне небяспечна ехаць у Беларусь — аўтар французскага трылера пра Ціханоўскую і Пратасевіча
Марк Леві / wikimedia.org
"Я не ўяўляў сабе такога развіцця падзеяў, але мяне гэта не моцна хвалюе. Я маю на ўвазе, што мне сумна за людзей, якія забараняюць кнігі, бо не згодныя з іх зместам, але гэта звычайная рэч".
Так французскі пісьменнік Марк Леві пракаментаваў паведамленне, што ў Беларусі забаранілі яго раман "Ноа". Такое рашэнне спярша прыняў суд цэнтральнага раёна Мінска, а потым Мінінфармацыі дадало кнігу ў спіс выданняў, якія могуць пашкодзіць нацыянальным інтарэсам.
Падзеі ў рамане адбываюцца ў Беларусі. Хатняя гаспадыня Святлана перамагае дыктатара Лучына. Аднак спецслужбы вывозяць яе з дзецьмі за мяжу, а мужа кідаюць у турму. У кнізе таксама выкарыстоўваецца сюжэт з Раманам Пратасевічам, якога затрымалі, пасадзіўшы ў Мінску самалёт Ryanair.
У гутарцы з Радыё Свабода Марк Леві кажа, што напісаў твор чатыры гады таму, часткова абапіраючыся на дакументальныя сведчанні: "У гэтым выпадку было не так проста атрымаць дакументальны матэрыял. Я памятаю, як прасіў пра гэта знаёмых рэпарцёраў, журналістаў. Я спрабаваў дакументаваць як мага больш, але памятайце, што "Ноа" — гэта мастацкі раман. /.../ Гэта раман пра супраціў, таму, пэўна, аўтакратычныя ўлады так яго баяцца".
Аўтар кажа, што для яго было важна захаваць сапраўдныя імёны людзей, калі яны публічныя асобы: "Калі вы пішаце гісторыю пра рэальныя падзеі — напрыклад, калі я напісаў "Сімфонію монстраў", кнігу, якая апавядае пра выкраданне тысяч украінскіх дзяцей рэжымам Уладзіміра Пуціна і пра ролю Марыі Львовай-Бяловай, за што яны абое атрымалі ордары на арышт ад Міжнароднага суду за злачынствы супраць чалавечнасці, — гэта факт. Дык навошта мяняць ім імёны?"
Леві кажа, што не сачыў за падзеямі ў Беларусі пасля напісання кнігі. Пра лёс Пратасевіча, які стаў прапагандыстам, ён не ведаў.
"Я тут не магу нікога судзіць. Чалавек не ведае, што з ім здарыцца пад катаваннямі. Але зноўку ж, гэта факт — некаторыя людзі ламаюцца, а некаторыя не. Некаторыя паміраюць, а некаторыя выжываюць, бо ламаюцца і здаюцца. Але я ніколі не буду некага асуджаць", — заяўляе пісьменнік. На яго думку, гэта магло б быць тэмай іншай кнігі.
Журналіст запытаўся, ці хацеў бы пісьменнік прыехаць у Беларусь, калі б гэта было бяспечна.
"Цяпер для мяне гэта дакладна небясьпечна — ехаць у Беларусь, як і ў Расію. І ведаеце, калі я гэта кажу, мне ня страшна, мне сумна. Сумна разумець, што калі пішаш кнігу і выказваеш сваю думку, дык можаш быць у небяспецы. І гэта знак слабасці таго, хто вам пагражае. Бо калі б яны былі такімі моцнымі, як самі кажуць, яны б не баяліся пісьменніка, спевака ці ўсякага іншага творцы", — адказаў Леві. Француз дадаў, што ён не апантаны тэмай Беларусі, але верыць у дэмакратыю.