Дзве Беларусі: у Астравецкім раёне зарабляюць амаль удвая больш, чым на Шаркаўшчыне
Астравец
У Беларусі — амаль дзве розныя рэчаіснасці: у самым багатым і самым бедным раёнах краіны сярэднія заробкі адрозніваюцца амаль у два разы. Паводле выдання "Люстэрка", са студзеня па жнівень у Астравецкім раёне, дзе працуе атамная электрастанцыя, сярэдняя зарплата склала каля 3764 рублёў. У Шаркаўшчынскім раёне — толькі 2029 рублёў. Пры гэтым бізнес у Астравецкім раёне працаваў з рэнтабельнасцю 20 адсоткаў, а ў Шаркаўшчынскім у сярэднім быў стратным.
Адрозненні бачныя і на рынку працы. У Астравецкім раёне зарэгістраванае беспрацоўе складае ўсяго 0,04 адсотка, у Шаркаўшчынскім — 0,3 адсотка. За апошнія пяць гадоў насельніцтва Шаркаўшчынскага раёна скарацілася больш чым на 14 адсоткаў, а ў Астравецкім — менш чым на паўадсотка.
Жыллё будуюць у абодвух раёнах, але ў Астравецкім аб’ёмы будаўніцтва вышэйшыя: з пачатку года там узвялі пяць тысяч квадратных метраў жылля, у Шаркаўшчынскім раёне — 2,9 тысячы.