На старых Лошыцкіх могілках у Мінску знішчаюць аўтэнтычныя надмагіллі і крыжы
Лошыцкія могілкі пасля "добраўпарадкавання" / t.me/spadczyna
На старых Лошыцкіх могілках у Мінску камунальныя службы знішчаюць аўтэнтычныя надмагіллі і крыжы. Гэта адбываецца пад выглядам добраўпарадкавання.
Могілкі былі заснаваныя яшчэ ў 1821 годзе. Гэты некропаль, як адзначаецца ў тг-канале "Спадчына", з'яўляецца адным з нешматлікіх захаваных у Мінску ўзораў вясковых могілак. За ХХ стагоддзе тут сфармаваўся ўнікальны пласт пахаванняў з саматужнымі помнікамі 1930-1950-х гадоў, а таксама арыгінальнымі каванымі крыжамі.
Цяпер гістарычныя помнікі, агароджы і крыжы проста выкідаюцца як смецце. А на іх месцы застаецца голая зямля з аднолькавымі шэрымі плітамі (так званымі "падгалоўнікамі"). Камунальнікі зразаюць усе агароджы і дэмантуюць старыя надмагіллі.
У тг-канале "Спадчына" такія дзеянні называюць варварствам: "Такія працы павінны праводзіцца пад наглядам гісторыкаў, бо кожны стары крыж, фотамедальён ці нават саматужная агароджа з'яўляюцца матэрыяльнымі сведкамі эпохі. Цяпер жа мы назаўжды губляем цэлы пласт пахавальнай культуры. Традыцыйныя хрысціянскія сімвалы (крыжы) замяняюцца на безаблічныя свецкія таблічкі. Ніякай памяці пра тое, ці тут пахаваны хрысціянін, ці атэіст, не застаецца. Фотамедальёны ніхто не паўтарае на падгалоўніках, яны проста ідуць на сметнік, а пры пераносе надпісаў на плітах часта з'яўляюцца фактычныя памылкі ў імёнах і датах".
Раней такое ж "добраўпарадкаванне" правялі на іншых могілках сталіцы — Крупецкіх і Вайсковых. Цяпер работы вядуцца на Козыраўскіх і Лошыцкіх.