Не Азаронкам адзіным. Распавядаем пра новых прапагандыстаў у абойме “Беларусьфільма”
Новыя кінапрагандысты на "Беларусьфільме" / Euroradio via Chat GPT / Gemini
У пачатку 2026 года у дзяржкінатэатрах актыўна паказвалі “Душу абаронцы” — ідэалагічны тэлефільм, які на студыі “Летапіс” (дакументальны напрамак “Беларусьфільма”) зняў адыёзны тэлепрапагандыст Рыгор Азаронак. Як выявілася, ён далёка не адзіны, хто цяпер выконвае дзяржзамову на“Беларусьфільме”.
Сярод такіх людзей хапае нядаўніх студэнтаў — тая ж Ксенія Стрэльчанка (стужка “Гімн Рэспублікі Беларусь”) ці Анастасія Ліннік (стужка “Невядомы абанент”), якія яшчэ нічым асабліва не вылучілася.
Еўрарадыё распавядае пра самых заўважных і матываваных кінапрапагандыстаў, якія доўга ішлі да сваёй мэты і з’явіліся ў кіно адносна нядаўна.
Пратэже ўплывовай нявесткі Лукашэнкі
Пару дзён таму дзяржстудыя пахвалілася новай перамогай на фестывалі ў Расіі. Спартовая стужка пра беларускіх школьнікаў-весляроў “Пераломны момант” атрымала прыз у намінацыі “Лепшы ігравы паўнаметражны фільм” на кінафестывалі спартовага кіно ў Маскве. Пра гэту стужку Еўрарадыё пісала год там.
Прэстыж дзяржстудыі прынёс 36-гадовы Дзмітры Сарока, які з 15 год марыў зняць вялікае ігравое кіно.
"Сёння мая мара здзейснілася. Здымаць на "Беларусьфільме", з цалкам беларускім складам — гэта гонар. <...> Сёння мы здымаем не проста фільм, гэта — беларуская гісторыя, частка этнічнай спадчыны", — распавядаў “Мінск-Навінам” рэжысёр у 2025 годзе, перад пачаткам здымак.
Сарока вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, амаль дзесяць год прапрацаваў на тэлеканалах ВаенТБ і АНТ. Здымаў рэкламу і музычныя кліпы, а таксама зняў некалькі ідэалагічных праектаў па замове Мінкульта: дакументальныя “Прэзідэнцкі аркестр”, “Беларускі балет”, “Першы дзень міра”, “Равеснікі перамогі”, “Рана на целе Беларусі” (прыз Мінкульта за лепшы патрыятычны фільм).
У той жа размове з “Мінск-Навінамі” рэжысёр прызнаўся, што трапіў у “Пераломны момант” выпадкова.
“Трапіў я вельмі дзіўна на гэта ўсё. Гэта было лета, мне тэлефанаваў дырэктар кінастудыі [“Беларусьфільм” Дзмітры Сямёнаў] і кажа, што ёсць сцэнар фільма, трэба даць адказ [аб тваім жаданні ўдзельнічаць] цягам дзвюх гадзін. Я яго хуценька пралістаў і сказаў “Так”, таму што мне ўжо было не важна які сцэнар, было важна ўкінуцца ў гэтую працу”.
На студыю кінематаграфіст трапіў хутчэй за ўсё праз пратэкцыю Ганны Сялук (сцэнічны псеўданім Ганны Лукашэнкі, жонкі сярэдняга сына Дзмітрыя). Сарока працаваў у яе прадзюсерскім цэнтры “Музыкальная медыякампанія”, дзе здымаў музычныя відэа.
“Агулам місія “Музыкальнай медыякампаніі” — гэта падняць узровень беларускага музыкальнага рынку. Гэта тычыцца музыкальнай часткі, і відэачасткі, паказаць як можна інтэграваць сучасныя тэхналогіі відэавытворчасці для стварэння кліпаў. Уласна там я займаўся візуальнымі эксперыментамі”, — казаў кінематаграфіст.
Свой чалавек з тэлебачання
Дацягнулася сёлета да серыялаў Агата Мацко — адна з ключавых рэжысёрак-пастаноўшчыц праўладных шоў ў Беларусі.
Яна ставіла гала-канцэрты “Славянскага базару”, кіравала фестывалем нацыянальных культур у Гродне і адказвала за канцэрты “Марафону адзінства” — маштабнага праекта, праз які ўлада працавала з недаверам да сябе ў рэгіёнах у 2024 — 2025 гадах. За працу над ім у годзе Мацко атрымала падзяку ад Аляксандра Лукашэнкі.
І не толькі падзяку — жанчыне даверылі здымаць для тэлеканала АНТ серыял "Класікі на пенсіі" пра жанчын-пенсіянерак, а таксама серыял пра тры пакаленні беларускіх сілавікоў “Слова афіцэра”, які ствараецца ў супрацы Міністэрства культуры і Міністэрства ўнутраных спраў.
Пра сябе Мацко гаворыць перадусім як пра творцу. Яна марыць паставіць балет і зняць поўнаметражны фільм, у якім галоўнымі героямі будуць жывёлы. Сярод сваіх кінематаграфічных арыенціраў называе савецкіх рэжысёраў Эльдара Разанава, Уладзіміра Меньшова і Сяргея Бандарчука-старэйшага, а таксама шведскага аўтара Інгмара Бергмана.
Пры гэтым заўважнага досведу кінавытворчасці ў Мацко няма. У прафесію яна прыйшла праз рэжысуру масавых мерапрыемстваў. Вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, а ў 2004 годзе ўпершыню трапіла на здымачную пляцоўку — працавала асістэнткай на чатырохсерыйным фільме “У чэрвені 41-га”. Далейшы творчы шлях Мацко звязала выключна з тэлебачаннем.
З аўтара тэлескетчаў — у пастаноўшчыкі “Летапісу”
Яшчэ адзін наваяўлены кінематаграфіст, якому “Беларусьфільм” даверыў здымаць ідэалагічныя фільмы стаў Яўген Шлемянкоў.
Яго кар’ерны шлях да ўласнай рэжысуры быў доўгім і цярністым. Мужчына прыйшоў на “Беларусьфільм” у снежні 2003 года. Амаль два дзесяцігоддзі ён працаваў там на розных тэхнічных і арганізацыйных пасадах: ад асістэнта рэжысёра і памочніка па акцёрах да другога рэжысёра і механіка-фокусніка — наладжваў лінзы для аператарскай каманды.
У першай палове 2010-х ён скончыў дзвухгадзічныя рэжысёрскія курсы ў Акадэміі мастацтваў. Пасля перабраўся на тэлебачанне — здымаў скетчы для тэлеканала “Сарафан-ТВ”, працаваў у рэкламе і над іншымі відэапраектамі.
Звальненні нелаяльных кінематаграфістаў і неабходнасць здымаць шчыра ідэалагічную заказуху першай паловы 2020-х, нарэшце, далі Шлемянкову магчымасць стаць рэжысёрам на студыі.
У 2020-ым ён зняў кароткаметражку “Тэлефон даверу”. У 2025-ым яму ўжо даверылі дакументальна-ігравую стужку “Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь”. А ў сакавіку 2026-га адбылася прэм'ера ягонага фільма “Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь”. Апошні спалучае ігравыя сцэны з дакументальным матэрыялам і распавядае пра маладога чалавека, які сутыкаецца з інтэрнэт-махлярствам.
Ужо сам факт, што чалавек з такім досведам атрымаў магчымасць працаваць на “Беларусьфільме”, шмат гаворыць пра кірункі, у якіх сёння развіваецца дзяржаўная кінастудыя.
Надзейны кадр Марата Маркава
Яшчэ адна прадстаўніца новай хвалі кінематаграфістаў на "Беларусьфільме" — Наталля Ждановіч, якая шмат гадоў працавала на дзяржаўным тэлебачанні, а цяпер узялася за дакументальнае кіно.
Кар'еру Ждановіч пачынала ў Белтэлерадыёкампаніі, а пазней перайшла ў Агенцтва тэлевізійных навін (АТН), дзе прапрацавала рэжысёркай каля 15 гадоў. Менавіта там яна атрымала асноўную прафесійную школу. Аднак пасля “эмацыйнага выгарання”, па словах Наталлі, яна на пэўны час з'ехала ў Гродна, а пасля вярнулася ў Мінск.
Прыкладна ў 2018 годзе Ждановіч прыйшла на АНТ, дзе стала адной з ключавых рэжысёрак грамадска-палітычных праграм. Сярод праектаў, над якімі яна працуе, — “Маркаў. Нічога асабістага”, “Прапаганда” з Ігарам Турам і “ПалітStandUp”.
Ждановіч удзельнічала ў стварэнні візуальнага стылю перадач, выкарыстоўваючы буйныя планы і эксперыментуючы з генерацыяй выяў з дапамогай штучнага інтэлекту.
Асаблівую ролю ў яе кар'еры адыграў Марат Маркаў. Яны пазнаёміліся яшчэ ў АТН, а пазней Маркаў запрасіў Ждановіч у каманду АНТ.
Пра яе стаўленне да ідэалагічных задач дзяржаўнага тэлебачання сведчыць расповед пра падрыхтоўку да інтэрв'ю з Раманам Пратасевічам. У 2023 годзе Ждановіч прызналася “СБ. Беларусь сёння”, што збіралася ісці на здымкі ў майцы з перакрэсленым словам “рэвалюцыя”, з чырвона-зялёнымі бранзалетамі і жаданнем “размазаць” суразмоўцу. Паводле яе слоў, Маркаў дапамог ёй супакоіцца.
Цяпер Ждановіч пашырае сваю працу на кіно. На “Беларусьфільме” яна здымае дакументальную стужку “Выхаваць чалавека” разам з кінааператарам Аляксандрам Крывецкім.
Фільм складаецца з трох гісторый сучасных настаўнікаў з розных гарадоў Беларусі. Адна з навел прысвечаная Тані, здымкі якой праходзілі ў Пінску.
Магчыма Ждановіч чакаюць новыя кар’ерныя вышыні, пакуль яе патрон займае крэсла міністра культуры.