На Піншчыне з пачатку 2026 года ўвялі чатыры каранціны праз успышкі АЧС
Статак свіней / aripaev.ee
З пачатку 2026 года ў Пінскім раёне чатыры разы ўводзілі каранцін у сувязі з ачагамі афрыканскай чумы свіней (АЧС). Пра гэта гаворыцца ў рабочым матэрыяле Пінскага раённага выканаўчага камітэта. Дакумент у распараджэнне рэдакцыі прадаставіла ініцыятыва BELPOL.
Першы каранцін усталявалі з 23 лютага 2026 года рашэннем Пінскага РВК №13/100-1 — на неспрыяльныя па АЧС пункты ў арандаваных паляўнічых угоддзях Пінскай міжраённай арганізацыйнай структуры РДГА "БААР" у Пінскім раёне.
З 30 красавіка 2026 года рашэннем №648 каранцін увялі на тэрыторыі паляўнічых угоддзяў Дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Пінскі лясгас", таксама размешчаных у Пінскім раёне.
Трэці ачаг зафіксавалі ў вёсцы Канчыцы Пінскага раёна — каранцін там дзейнічае з 7 мая 2026 года па рашэнні №698.
Чацвёрты каранцін уведзены з 26 чэрвеня 2026 года рашэннем №976 у вёсцы Ладарож Пінскага раёна.
Паводле даных выканкама, у 2026 годзе ў рамках праверак тэхнічнага, тэхналагічнага і праверачнага характару суб'ектам гаспадарання вынеслі 109 прадпісанняў аб ліквідацыі парушэнняў заканадаўства ў галіне ветэрынарыі. З іх 23 прадпісанні датычыліся непасрэдна парушэнняў, звязаных з АЧС.
Справы на адміністрацыйную камісію па АЧС у 2026 годзе не перадаваліся. Да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні, звязаныя з АЧС, нікога не прыцягвалі, у тым ліку ў выглядзе папярэджання. Справы ў пракуратуру па АЧС таксама не накіроўваліся.
Для сельскіх выканаўчых камітэтаў Пінскага раёна падрыхтавалі інфармацыйныя лісты, якія размешчаны на стэндах "Адно акно".