У Петрыкаўскім раёне ўвялі каранцін праз успышку АЧС на прыватным падворку

Афрыканская чума свіней адносіцца да асабліва небяспечных захворванняў жывёл

Афрыканская чума свіней адносіцца да асабліва небяспечных захворванняў жывёл / kormix.pro

У Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці ўведзены каранцін у сувязі са ўспышкай афрыканскай чумы свінняў. Ачаг захворвання выяўлены на прыватным падворку ў вёсцы Турок.

Рашэнне аб устанаўленні каранціну прыняў Петрыкаўскі раённы выканаўчы камітэт. Дакументы ў распараджэнні рэдакцыі прадаставіла ініцыятыва BELPOL. Эпізаатычным ачагом вызначана тэрыторыя асабістай падсобнай гаспадаркі ўладальніка, пагрозлівай зонай радыусам 3 кіламетры — вёскі Ільіч і Вышалаў Петрыкаўскага раёна, зонай назірання — тэрыторыя ўсяго раёна.

Аб гэтым паведамляецца ў даведцы-абгрунтаванні да рашэння райвыканкама, падрыхтаванай галоўным ветэрынарным урачом раёна Міхаілам Мазуркевічам.

На перыяд каранціну ў ачагу захворвання забаронены ўваход і ўезд старонніх асоб і транспарту, вываз жывых свінняў і прадуктаў забою, вываз свінагадоўчай сыравіны і кармоў, перагрупоўка жывёл, а таксама нарыхтоўка і рэалізацыя свініны і іншай жывёлагадоўчай прадукцыі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.