Мэр кыргызскага Оша хоча выключыць гару Сулайман Тоа са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
Гара Сулайман Тоа / triptokyrgyzstan.com
У Кыргызстане мэр горада Ош Жанар Акаеў прапануе выключыць святую гару Сулайман Тоа са спісу Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Бо гэты статус забараняе будаваць вышынныя аб'екты ў буфернай зоне і ўвогуле забараняе будаўніцтва на самой гары.
Сваю прапанову ён агучыў у гутарцы з міністрам культуры, інфармацыі і моладзевай палітыкі Мірбекам Мамбеталіевым. Як адзначае kloop.kg, мэр прагаварыўся, што статус ЮНЕСКА перашкаджае камерцыйнай забудове, якую вядзе прадпрымальнік Нарыман Цюлееў.
"Ён будуе вялікі гандлёвы цэнтр "Сулайман Парк" і хоча ад гандлёвага цэнтра да Сулаймана Тоа пабудаваць канатную дарогу. Каб можна было хутка падняцца на гару і сфатаграфавацца. /.../ Мы лічым, што будзе выдатна! Але ЮНЕСКА не дазваляе", — паскардзіўся мэр Оша.
У спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА свяшчэнная гара Сулайман Тоа трапіла ў 2009 годзе. Яна стала першым помнікам у гэтым спісе ад Кыргызстана. На схілах гары захавалася каля 400 петрогліфаў, а ў мясцовым музеі захоўваецца больш за 33 тысячы археалагічных і этнаграфічных артэфактаў.
Як піша тг-канал "Спадчына", за ўсю гісторыю існавання спісу Сусветнай спадчыны з яго былі выключаныя толькі тры аб'екты: запаведнік у Амане, Дрэздэнская даліна Эльбы і брытанскі Ліверпуль. Ва ўсіх выпадках змена статусу была звязаная з агрэсіўнай забудовай, узвядзеннем інфраструктуры ці прамысловым асваеннем ахоўных тэрыторый.