Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах Лукашэнкі
Марына Золатава / polskieradio.pl
Экс-палітзняволеная Марына Золатава піша кнігу пра жанчын у турмах лукашэнкаўскага рэжыму. Пра гэта былая галоўная рэдактарка TUT.by расказала Беларускай рэдакцыі Польскага радыё.
Золатава лічыць важным расказаць, што сабой уяўляе жаночая турма, следчы ізалятар, калонія.
Журналістка згадвае, што ў турме на вуліцы Валадарскага падчас Другой сусветнай вайны сядзела яе бабуля — яе туды кінулі за супрацу з падпольшчыкамі. Потым бабуля была вывезеная, а пасля заканчэння вайны вярнулася на радзіму. Золатава шкадуе, што гэтую гісторыю ніхто не занатаваў — гэта першы матыў для напісання кнігі.
Другім матывам яна называе аднастайнасць інтэрв'ю, якія даюць былыя палітзняволеныя жанчыны: "Да таго ж яны вельмі часта ананімныя. З-за гэтага, мне здаецца, губляецца каштоўнасць інфармацыі. Гэты наш вопыт — траўматычны, драматычны. Пра яго трэба расказваць больш шырока, можа, больш змястоўна, больш аб'ёмна. Таму гэтая кніга і з'явіцца".
Яна згадвае Вольгу Чукараву, якая амаль страціла зрок пасля інсульту ў калоніі. "Былі людзі, у якіх не было ніякай сувязі з роднымі. Ці, калі, напрыклад, адразу пяць членаў сям'і знаходзіліся ў турме. Ці гісторыі, калі маці, дачка і бацька атрымалі па пяць гадоў за тое, што запісалі відэа на выбарчым участку ў 2020 годзе", — расказвае Золатава.
Расказала журналістка і пра свой самы чуллівы ўспамін за кратамі: "Я вельмі часта прыгадваю сустрэчу з жанчынай, якая атрымала тры з паловай года калоніі за тое, што дасылала палітвязням пасылкі ў СІЗА, у тым ліку і мне. І вось калі я пабачыла яе ў калоніі, гэта быў такі вельмі чуллівы момант. Бо было вельмі прыкра, што яна апынулася ў турме. Добры чалавек, які спачуваў іншым, хацеў падтрымаць іншых, атрымаў за гэта тры з паловай гады. З другога боку, я, вядома, вельмі расчулілася, што змагла з ёй пазнаёміцца".