У лістападзе беларусы застануцца без шэрагу кінафестываляў. Чаму так склалася?

Гэтай восенню не будзе "Бульбамуві" і "Паўночнага ззяння"

Гэтай восенню не будзе "Бульбамуві" і "Паўночнага ззяння" / Euroradio via Gemini

Лістапад — апошні месяц восені, да якога традыцыйна прымяркоўваюць сваю дзейнасць арганізатары шматлікіх кінаімпрэз. Але не ў 2026 годзе. Як стала вядома Еўрарадыё, сёлета не абудуцца кінафестывалі “Паўночнае ззянне” і “Бульбамуві”.

Распавядаем, чаму склалася такая сітуацыя.

 

Справа ў “экстрэмісцкім” статусе?

Адной з галоўных фестывальных падзей восені, якая распавядала пра актуальнае кіно краін Паўночнай Еўропы, Балтыі, Беларусі і Украіны, для беларускай аўдыторыі было “Паўночнае ззянне”.

Асаблівае месца фестываль заняў пасля 2020 года, калі шэраг імпрэз унутры краіны спыніліся на хвалі рэакцыі ўлад на пратэсты 2020 года. Само “Ззянне” хутка перайшло да гібрыднай дзейнасці ў замежжы — афлайн-паказы і сустрэчы з аўтарамі адбываліся ў кінатэатрах Літвы, Эстоніі, Польшчы. 

А гледачам з Беларусі арганізатары прапанавалі расклад бясплатных анлайн-паказаў на адмысловай VOD-платформе [Video on Demand — відэа па запыце. — Еўрарадыё], якую распрацавалі ў часы каронавірусных абмежаванняў.

Некантралюемая дзейнасць фестывалю ў лічбавай прасторы Беларусі нервавала ўладу, якая спачатку, зімой 2025 года, прызнала інстаграм-акаўнт заснавальніцы “Ззяння” Волі Чайкоўскай “экстрэмісцкім”, а ў студзені 2026 года надала той жа статус і самому фестывалю.

У сакавіку 2026 года ў сацсетках фестывалю з’явілася абвестка аб атрыманні статусу — і з таго моманту пастоў болей не з’явілася. 

Суразмоўцы Еўрарадыё, абазнаныя ў механізме падзеі, пацвердзілі, што фестывалю сёлета не будзе, але разышліся ў меркаваннях наконт таго, як “экстрэмісцкі” статус паўплывае на яго. Хтосьці лічыць, што паўза ў дзейнасці “Ззяння” часовая, а хтосьці — што ў існуючым фармаце імпрэза, пэўна, дзейнічаць перастане, засяродзячыся на разавых івэнтах ці кінапаказах. 

 

“Бульбамуві” — усё?

Таксама нічога не чуваць і пра фестываль беларускага кіно “Бульбамуві”, які пасля аднаўлення ў 2021 годзе праходзіў у варшаўскім кінатэатры “Ілюзіён”. Яго старонку ў фэйсбуку беларускія ўлады таксама прызналі “экстрэмісцкай”, але фестываль працягваў дзейнічаць да мінулага года.

Як распавядаў яго арганізатар Януш Гаўрылюк у размове з “Белсатам”, фестываль перастала фінансава падтрымліваць польская “Фільматэка”. Але падтрымаў Беластоцкі цэнтр культуры, дзякуючы якому мінулай восенню ў беластоцкім кінатэатры “Форум” адбылося “Пахаванне Бульбамуві” — вечар беларускага кіно з дэманстрацыяй дзвюх стужак.

З таго моманту “Бульбамуві” праводзіў выязныя кінапаказы ў розных польскіх гарадах, але да анонса фестывалю справа не дайшла. Па словах яшчэ аднаго суразмоўцы Еўрарадыё, блізкага да падзеі, сёлета фестывалю таксама не будзе. 

Тое ж пацвердзіў у тэлефоннай размове з журналістам Еўрарадыё сам Януш Гаўрылюк. Ён расказаў, што не планаваў праводзіць падзею: адмыслова не шукаў фільмы і фінансаванне, быў заняты іншымі справамі па прадзюсіраванні і прасоўванні на кінафестывалях свайго праекта і праектаў тэлеканала “Белсат”.

У лістападзе беларусы застануцца без шэрагу кінафестываляў. Чаму так склалася?
"Пахаванне Бульбамуві" падчас у кінатэатры Kino Forum, лістапад 2025 года, Беласток / Euroradio

“Але калі будзе што паказваць, то правядзём «Бульбамуві». Гэта не канец фестывалю”, — запэўніў Гаўрылюк.

 

А што там з “Лістападам”?

Тым часам кінафестываль “Лістапад”, які з 2021 года праводзіцца кінастудыяй “Беларусьфільм” пад кантролем Міністэрства культуры, аб’явіў, што пройдзе з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад лозунгам “Глядзі. Жыві. Цані”.

Кіраўніца аддзела кінематаграфіі Мінкульта Ірына Дрыга падчас прэс-канферэнцыі распавяла, што “Лістапад” зноў пройдзе з ідэалагічным акцэнтам на “сяброўскіх” для беларускіх улад краінах.

Так, стужкай-адкрыццём стане ваенна-патрыятычная драма “Бацька Мінай. Партызанская легенда”. Гэта  сумесны праект “Беларусьфільма” і расійскай студыі “ВаенФільм”, галоўную ролю ў якім сыграў Аляксей Краўчанка, падтрымаўшы вайну ва Украіне. Фільм асабіста прадставіць рэжысёр, прадзюсар і прапагандыст вайны Ігар Угольнікаў.

Яшчэ адбудзецца вечар памяці ў гонар памерлага расійскага рэжысёра і крамлёўскага прапагандыста Тыграна Кеасаяна, дзе пакажуць яго апошні фільм ”Сем дзён Пятра Сямёныча”.

Падсвецяць арганізатары і абвешчаны ў краіне “Год беларускай жанчыны” праз паказы прац рэжысёрак з Беларусі, Расіі, Казахстана і Пакістана.

Сярод індустрыйных падзей заяўлены круглы стол па супольнай кінавытворчасці Беларусі і Расіі ды сустрэча кіраўнікоў кінаўстаноў краін СНД.

На дадзены момант праграма фестывалю ўсё яшчэ не аб’яўлена, але прадстаўніца Мінкульта абяцае шмат экзатычнага кіно “з водарам ванілі” — стужкі з М’янмы, Камбоджы, Венесуэлы, Пакістана.

Урачыстыя цырымоніі адкрыцця і закрыцця “Лістапада” пройдуць па звычцы ў кінатэатры “Масква”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.