“Лысы Чэрап” выдае новыя кнігі: чытайце пра прыгоды рэлакантаў і армейскія выпрабаванні
Тры новыя кнігі выдавецтва "Лысы Чэрап" / lysycerap.pages.dev
У незалежным выдавецтве “Лысы Чэрап”, якое спецыялізуецца на нетрывіяльнай літаратуры, выходзяць кнігі Змітра Залознага, Сяргея Дубаўцэвіча і Аляксандра Касцюковіча.
Пад гэтымі псеўданімамі хаваюцца аўтары, тэксты якіх не пакінуць вас абыякавымі. Еўрарадыё з дазволу выдавецтва публікуе фрагменты з "Цеслі жыцця" Сяргея Дубаўцэвіча, "Лірніка" Аляксандра Касцюковіча і самы нестандартны твор "Пляц" Змітра Залознага.
Кнігі ўжо можна замаўляць, адпраўка пачнецца 27 кастрычніка 2026 года.
У сваім найноўшым выказванні Аляксандр Касцюковіч выносіць суровы прысуд адчужанасці сучаснага чалавека. На першы погляд "Лірнік" — гэта хвацкая прыгодніцкая аповесць пра небараку-адміністратара анлайн-казіно і залежную ад псіхаактыўных рэчываў загадкавую прыгажуню. Але насамрэч гэта ўзорны вялікі беларускі раман з жыццесцвярджальным пафасам.
Сяргей Дубаўцэвіч хацеў адседзецца ў Беларусі, але не выйшла. Цяпер ён у Вільні, працуе дастаўшчыкам ежы, спрабуе пераадолець творчы крызіс. Ці ўдасца гэта яму? “Цесля жыцця” — кожнаму з нас патрэбна перадышка.
Малады панк Язэп Гніль трапляе на тэрміновую службу ў войска, дзе пануюць індактрынацыя, муштра і гвалт. Але неўзабаве знаёміцца з геніяльным маладым паэтам Мефедронам Бясецкім, разам з якім знаходзіць, што супрацьпаставіць такому ўкладу. "Пляц" Змітра Залознага спачатку можа вас напалохаць, але ж потым вы падзякуеце аўтару за яго нестандартны падыход.
***
"Цесля жыцця". Сяргей Дубаўцэвіч
Добра сварыцца ў лістападзе. Калі дробны дождж, нават не дождж, а нейкая празрыстая імжа вісіць у паветры, і чамусьці хочацца яе параўнаць з маннай кашай, такія дробныя крупінкі вадкасці, і ты едзеш праз іх на ровары, і гэтыя пастаянныя прыцемкі, і настрой ніякі. У гэты час сварыцца лепш, чым вясной ці ўлетку. Тады розніца настрояў будзе вельмі заўважнай. А ў лістападзе настрой і так гаўно, дык нават асаблівай розніцы не заўважыш.
Мы з жонкай жывём у Вільні, яна працуе з беларускімі навінамі, я нейкі час не працаваў, а потым стаў дастаўшчыкам ежы. Ёй не падабаецца мая нерэгулярная праца і такія ж заробкі. Яна атрымлівае больш.
Але ў Беларусі асноўныя грошы зарабляў я і не патрабаваў ад яе знайсці "нармальную" працу. Гэта яна мне так сказала раніцай: "Знайдзі сабе ўжо нармальную працу". Ну і пайшло-паехала. Я пастараўся ў адказ сфармуляваць нешта культурнае, але, відаць, у інтанацыі красамоўна чыталася "ідзі на х.й".
У Беларусі я быў пісьменнікам. Ды не абы-якім. Я зарабляў сваімі кніжкамі, у нас гэта рэдкасць. Таму астатнія пісьменнікі мне зайздросцілі. А зараз я эмігрант у Вільні, у мяне крызіс жанру і, відаць, сярэдняга веку таксама. У мяне за плячамі брудна-зялёны заплечнік дастаўшчыка, у якім я вязу ежу па дажджлівай лістападаўскай Вільні.
"Лірнік". Аляксандр Касцюковіч
Прарваўшыся цераз абалонку непатрэбнага тлуму майго спальніка, я апынуўся перад уваходам у гастранамічны храм. Спазьняецца Аксана. Давялося чакаць яе пад галоднай неонавай шыльдай.
Я сумняваўся, што Аксана напраўду выглядае як анімэ-дзяўчынка, хаця пэўны спадзеў меў. Адылі адрозьніць дзяўчыну, што піша гнеўныя каменты, ад выпадковай пралетаркі мне здавалася нескладанай задачай. Я правакатыўна ўзіраўся ў твары ўсіх мясцовых вядзьмарак. Але яны ігнаравалі мой выклік, і толькі адна яна паглядзела проста ў мае пустыя вачніцы.
Яе худы твар, падобны хутчэй да знаку галоўная дарога, выражаў некаторую ступень зацікаўленасьці маёй асобай. Такога я раней ня бачыў. Кінулася ў вочы ледзь зашпіленая велізарная мужчынская кашуля з плямамі (сіроп ад кашлю, як я даведаўся пазьней), яна ўтварала глыбокае дэкальтэ і агаляла папяровую скуру на вострых пельках, што абяцалі многае.
Судзячы па ўсім, ёй балела галава. Шыя, даўгая і тонкая, як савецкі шматпавярховік. Рукі й ногі, схаваныя ў рукавах і нагавіцах, былі такія, якія зазвычай бываюць у дзяўчат. Гэта постаць, што, відавочна, злоўжывала псыхаактыўнымі рэчывамі, цікавіла і гарнула.
— Нешта ты доўга.
— Даўно не бывала ў спальніках. Адчуваньне, што ўсё жыцьцё прахадзіла па коле.
— А, ну па "коле", дык па "коле". Хадзем.
Мы зайшлі ўнутар, і я няёмка замовіў дзьве шкляныя бутэлечкі кока-колы. Піцу я ёй замаўляць ня буду, хай сама плаціць.
"Пляц". Зміцер Залозны
…
392. ён дайшоў да ган.
393. ка ваенкамату.
394. дзе ўжо збіраліся.
395. п’яныя і лысыя рэкруты.
396. у атачэнні бацькоў.
397. расчуленых дзяўчын.
398. і такіх жа п’яных сяброў.
...
401. ён не быў лысы.
402. ён быў цвярозы і злы.
403. і ненавідзеў усю гэтую зграю.
404. гэты зброд.
405. гэтых лысых.
406. п’яных.
407. смуродаў.
408. якім падабаўся стан рэчаў.
409. якіх задавальняла становішча.
410. гніль вырашыў.
411. што служба.
412. зробіць яго мацнейшым.
413. ён спраўдзіць мару.
414. стане пісьменнікам.
415. паэтам.
416. мастаком.
417. такім якога яшчэ не было.
418. сусвет перакуліцца.
419. цягнікі спыняцца.
420. напіша вялікую кнігу.
421. шэдэўр беларускай літаратуры.
422. запамінальны моцны бессмяротны.
423. класіку.
424. гарэцкі караткевіч быкаў забудуцца.
425. застанецца толькі гніль.
426. і цэлая школа ягоных паслядоўнікаў.
427. вартых жалю эпігонаў.
428. да якіх ён усё адно.
429. будзе ставіцца лепш.
430. чым да ўсіх астатніх.
431. недалітаратараў.
432. бо яны сап.
433. раўды яшчэ больш вартыя жалю.
434. нікчэмныя пустышкі.
435. шалабоны.
436. з часоў ісуса.
437. ніхто нічога добрага.
438. так і не напісаў.
439. гніль выправіць гэтую сітуацыю.
440. яны думалі што зла.
441. маюць яго войскам.
442. а яны дапамогуць.