Экс-дырэктара "Камунаркі" асудзілі на сем гадоў калоніі

Сяргей Анюхоўскі

Сяргей Анюхоўскі / 1prof.by

Сем гадоў пазбаўлення волі прысудзіў Вярхоўны суд былому генеральнаму дырэктару кандытарскай фабрыкі "Камунарка" Сяргею Анюхоўскаму. Таксама ён павінен заплаціць штраф у 45 тысяч рублёў (1000 базавых велічыняў) і не можа займаць пэўныя пасады цягам пяці гадоў, паведамляе Генпракуратура.

Анюхоўскага прызналі вінаватым у перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў і атрыманні хабару ў буйным памеры.

Сцвярджаецца, што Анюхоўскі ў 2022-2024 гадах загадваў падначаленым фальшаваць звесткі пра неэфектыўны праект па перапрацоўцы какава-бабоў. Таксама ён падаваў заведама падложныя дакументы ў дзяржорганы, каб атрымаць сродкі з інавацыйнага фонду Мінгарвыканкама. Ад прадстаўнікоў пастаўшчыка абсталявання для перапрацоўкі какава-бабоў ён атрымаў хабар для сябе і жонкі.

Анюхоўскі кіраваў "Камунаркай" з 2021 года. У чэрвені 2025-га гендырэктарам фабрыкі быў прызначаны Аляксандр Нячай.

У 2019‑2024 гадах Анюхоўскі быў членам Савета Рэспублікі. Таксама ён быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.