Беларускія ўлады за 5 гадоў павялічылі абаронны бюджэт на 186%
За пяць гадоў значна выраслі бюджэты МУС, КДБ і службы бяспекі Лукашэнкі / euroradio.fm/AI
Выдаткі дзяржавы па артыкуле «нацыянальная абарона» выраслі за пяць гадоў на 186%. Калі параўноўваць рэспубліканскі бюджэт 2022 і 2027 года, закладзеныя аб'ёмы фінансавання арміі выраслі з 1,812 мільярда рублёў да 5,2 мільярда. Адносна ўсіх іншых артыкулаў расходаў гэта самы прыкметны рост як у абсалютных, так і ў адносных лічбах.
З 2022 года бюджэт органаў унутраных спраў вырас на 141%, службы бяспекі Лукашэнкі — на 160,2%, а Камітэта дзяржаўнай бяспекі — на 153%.
А бюджэт унутраных войскаў МУС за гэтыя пяць гадоў вырас у 3,5 разы — з 195,4 млн да 698,1 мільёна рублёў.
А вось па «сацыяльных артыкулах» рост не такі хуткі, як па «сілавых». Напрыклад, на адукацыю з рэспубліканскага бюджэту ў 2027 годзе накіруюць на 103% больш, чым у 2022-м, а на аховy здароўя — на 107% больш.
Цікавы факт: нягледзячы на тое, што ўлады асабліва занепакоіліся дэмаграфічнай сітуацыяй у Беларусі, па артыкуле «дапамога сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей» за пяць гадоў сума фінансавання зменшылася амаль на 26% (з 379,7 да 281,5 млн рублёў).