Даведацца пра забарону на выезд з Беларусі на сайце МУС стала немагчыма

На беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота

На беларускай мяжы, ілюстрацыйнае фота / delfi.lt

Беларусаў пазбавілі магчымасці атрымаць анлайн інфармацыю, ці забаронены ім выезд з краіны. Адпаведны сэрвіс на сайце МУС больш недаступны, заўважыла выданне Onliner.

У МУС сказалі, што скасаванне сэрвісу не звязана з тэхнічным збоем. Прычынай назвалі змены ў парадку працы банка даных грамадзян, права на выезд якіх часова абмежаванае.

Работу гэтага банка даных змянілі ў адпаведнасці з новым указам. Ён рэгулюе абмен інфармацыяй паміж МУС і іншымі дзяржаўнымі органамі, якія могуць прымаць рашэнні па часовай забароне на выезд. Таксама гэтым дакументам уводзяцца новыя патрабаванні па абароне інфармацыі, што захоўваецца ў базе.

Цяпер для атрымання інфармацыі па абмежаванні выезду беларус павінен асабіста звярнуцца ў падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы жыхарства. Як заяўляюць у МУС, адказ павінен быць дадзены цягам аднаго працоўнага дня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.