"Аж да пакарання смерцю": Пазняк абурыўся публікацыяй звестак пра прадпрыемствы Беларусі
Зянон Пазняк / Euroradio
Лідар "Вольнай Беларусі" Зянон Пазняк рэзка раскрытыкаваў перадачу інфармацыі пра працу беларускіх прадпрыемстваў на расійскі дзяржзаказ.
Днямі Пазняк апублікаваў пост, у якім назваў імёны аўтараў карты вайсковай інфраструктуры Беларусі, апублікаванай "Свабодай". "І такіх "імёнаў людзей" у "дземакраціі" шмат", — дадаў палітык.
На просьбу патлумачыць свае словы Пазняк заявіў, што перадача інфармацыі пра беларускія эканамічныя аб'екты іншай дзяржаве можа быць парушэннем нацыянальных інтарэсаў.
"Перабежчык у "дземакрацію", які, выступаючы супраць "рэжыма", перадае звесткі пра 500 эканамічных аб'ектаў краіны для іншай дзяржавы ў якасці "ваенных цэляў", з'яўляецца грубым парушальнікам Канстытуцыі, нацыянальных інтарэсаў і законаў Беларусі, за што прадугледжана адказнасць аж да смяротнага пакарання".
Пазняк таксама заклікаў "прыглядацца" да некаторых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці.
Відавочна, найперш ён мае на ўвазе арганізацыю BELPOL. Раней там заявілі, што выявілі больш за 500 беларускіх арганізацый, якія альбо працуюць на расійскі дзяржаўны заказ, альбо дапамагаюць Расіі абыходзіць санкцыі.
Менавіта публікацыю падобнай інфармацыі Пазняк, мяркуючы па яго словах, і лічыць дзеяннем, за якое можа наступаць адказнасць "аж да смяротнага пакарання".