Былога гендырэктара ААТ "Белавежскі" будуць судзіць за хабар у крыптавалюце
Крыптавалюта, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
За хабар у асабліва буйным памеры будуць судзіць былога генеральнага дырэктара аднаго з найбуйнейшых аграпрамысловых прадпрыемстваў краіны — ААТ "Белавежскі". Разам з ім на лаве падсудных апынуўся і хабарадавальнік, паведамілі ў пракуратуры.
Як сцвярджае бок абвінавачання, са жніўня 2024 года па ліпень 2025 года гендырэктар мясакамбіната прыняў ад прадстаўніка пяці камерцыйных арганізацый 365 030 токенаў USDT (Tether USD) TRC20, што эквівалентна 365 030 доларам. Праз пасярэдніка гэтыя лічбавыя актывы былі пералічаныя на крыптагаманец абвінавачанага. За гэта дырэктар мясакамбіната арганізаваў бесперабойную пастаўку мясной прадукцыі фірмам у неабходных аб'ёмах, а таксама купляў у іх пшаніцу.
Абвінавачаныя віну прызналі. Экс-гендырэктар "Белавежскага", як заяўляюць у пракуратуры, "прыняў меры" па выплаце даходу, атрыманага злачынным шляхам. За атрыманне хабару яму пагражае ад пяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі.
Пасярэдніку, які выступаў ад імя камерцыйных арганізацый, пагражае ад пяці да дзесяці гадоў калоніі.
Абодва фігуранты да суда знаходзяцца ў следчым ізалятары.