Лепш тэлефануйце Коўлу! Як вядомы вашынгтонскі адвакат апынуўся ў палітыцы
Джон Коўл / RFE/RL
“Ён нетаропка ўваходзіць у бар у Вашынгтоне. Каржакаваты мужчына, сарака аднаго года, які ходзіць крыху перавальваючыся з нагі на нагу, з густымі чорнымі кучарамі на галаве. «Я тройчы на тыдзень займаюся аэробікай, але ўсё роўна застаюся тоўстым». У яго вачах гуляе гарэзлівы бляск, які нагадвае позірк Джона Белушы з фільма «Звярынец».
Вечна памяты, двойчы разведзены Джон Пёрсел Коўл выглядае як чалавек, які пастаянна харчуецца гамбургерамі Whopper, віном і магнезіяй. Здаецца, месяц у салярыі мог бы выправіць сітуацыю.
Ён заказвае келіх бажале і з ухмылкай пачынае піць”, — так 39 гадоў таму былая журналістка The Washington Post Стэфані Мэнсфілд апісвала сустрэчу з вядомым і нават у нечым скандальным адвакатам.
У Беларусі пра Джона Коўла даведаліся, калі ў сакавіку 2025 года ён стаў намеснікам спецыяльнага пасланніка ЗША па пытаннях Украіны Кіта Келага. Ужо ў чэрвені ён дамогся вызвалення 14 палітвязняў у абмен на зняцце санкцый з некаторых беларускіх прадпрыемстваў. А пазней — і яшчэ некалькіх соцень чалавек.
У лістападзе прэзідэнт ЗША Дональд Трамп прызначыў Коўла спецпасланнікам па Беларусі.
А ў 80-я гады ён сам параўноўваў сябе з каўбоем, які палюе на судовыя справы і абараняе простых людзей ад бязлітасных карпарацый. У амерыканскай прэсе розных гадоў Коўла называлі і “выбітным прадстаўніком вашынгтонскай эліты”, і “адвакатам, які заўсёды аказваецца на месцы катастрофы”.
Пачатак кар’еры
Джон Коўл нарадзіўся 21 снежня 1946 года ў Балтымары. Яго выключылі з прыватнай школы за крадзеж каўпакоў з аўтамабільных колаў. “Я быў дрэнным хлопчыкам”, — сказаў ён у інтэрв’ю The Washington Post у 1987 годзе.
Коўл — другі з сямі дзяцей. Яго бацька быў прэзідэнтам кампаніі па вытворчасці канвертаў. Але сын абраў юрыспрудэнцыю. Для яго гэта было “натуральным”.
— Мяне цікавіла палітыка. У гэтай краіне адвакатура — добры спосаб атрымаць магчымасць уплываць на тое, што адбываецца.
Маладосць Джона прыпала на 60-я гады. У армію ён не пайшоў праз мігрэні. Затое з задавальненнем наведваў вечарынкі, дзе джазавыя музыкі курылі марыхуану, а к 1969 году ўжо і зусім усе прымалі ЛСД.
Тады ж ён прадстаўляў інтарэсы двух марскіх пехацінцаў, якія трапілі ў іранскі палон і былі вызвалены з амбасады ЗША ў Тэгеране. Яны падалі ў суд на вярхоўнага лідара Ірана Рухалу Хамейні, абвінаваціўшы яго ў парушэнні сваіх грамадзянскіх правоў. Пазней Коўл абараняў 13 былых амерыканскіх закладнікаў у Іране, якія патрабавалі справядлівай кампенсацыі шкоды.
Але значныя прыбыткі пачалі паступаць пасля справы аб уцечцы газу ў індыйскім горадзе Бхапал.
Гучныя справы
У 1984 годзе прэса ўжо ведала Коўла, які праславіўся як адзін з першых амерыканскіх юрыстаў, што ініцыявалі судовыя іскі ў сувязі з уцечкай газу на заводзе па вытворчасці пестыцыдаў, які належаў амерыканскай кампаніі Union Carbide Corp.
У выніку гэтай катастрофы ў індыйскім горадзе Бхапал загінулі тысячы людзей, а больш за паўмільёна пацярпелі ад уздзеяння таксічных рэчываў. У 1989 годзе кампанія Union Carbide ўрэгулявала свае абавязацельствы перад урадам Індыі, выплаціўшы 470 мільёнаў долараў.
У 90-я гады Коўл прадстаўляў інтарэсы істцоў у справах супраць буйных тытунёвых кампаній і быў адным з галоўных перамоўшчыкаў падчас заключэння гістарычнага пагаднення, паводле якога тытунёвыя канцэрны выплацілі кампенсацыю ў памеры 368 мільёнаў долараў.
Дарэчы, пра гэтыя судовыя працэсы знялі дакументальны фільм Addiction Incorporated (2011), у якім Коўл расказвае пра сваю працу.
Таксама ў пачатку 90-х Джон вёў справу супраць кампаніі Imperial Foods пасля смяротнага пажару на птушкафабрыцы ў Паўночнай Караліне, у выніку якога загінулі 25 чалавек. Тады адвакату не толькі ўдалося дамагчыся мільёнаў долараў кампенсацыі для сваіх кліентаў, але і ініцыяваць у Кангрэсе слуханні па пытаннях бяспекі на прадпрыемстве.
Выданне The Washington Post адзначала, што юрыдычная практыка ў справах аб кампенсацыі шкоды здароўю — гэта высокарызыкоўная, але вельмі прыбытковая спецыялізацыя. Замест пагадзіннай аплаты адвакаты працуюць за працэнт ад прысуджанай кампенсацыі або сумы міравога пагаднення.
І Коўл у гэтай своеасаблівай латарэі адчуваў сябе добра: ён часта з’яўляўся на тэлебачанні, пра яго пісалі часопісы. Калегі называлі яго энергічным, незалежным, неардынарным, а часам і дзівакаватым.
У той час у юрыдычнай супольнасці часта крытыкавалі адвакатаў, якія з’язджаліся да месцаў буйных катастроф у пошуках кліентаў. Коўл неаднаразова станавіўся аб’ектам падобнай крытыкі.
“На думку яго крытыкаў, яму мала таго, што ён нажываецца на чужых пакутах, дык ён яшчэ і рэкламуе свае паслугі па тэлебачанні!
«Калі вы трапілі ў аварыю, у вас ёсць правы… Тэлефануйце Джону П. Коўлу»”, — так апісвалася яго дзейнасць у артыкуле 1987 года.
Некаторыя калегі падавалі на яго скаргі ў Калегію адвакатаў акругі Калумбія і Апеляцыйны суд акругі. Аднак усе яны былі адхілены, бо Коўл не парушыў правілаў прафесійнай этыкі.
Greta Van Susteren when I started dating her back in 1979. What a babe!! TBT http://t.co/zbacCrq2Ja
— john coale (@johnpcoale) March 26, 2015
У тым жа годзе Грэта атрымала ступень доктара права ў Юрыдычным цэнтры Джорджтаўнскага ўніверсітэта. Нейкі час яна сумяшчала выкладчыцкую працу з асноўнай юрыдычнай практыкай. Але пазней пачала будаваць тэлевізійную кар’еру: спачатку як юрыдычны аналітык, а затым — як вядучая праграм на CNN.
Пасля гэтага Грэта працавала на Fox News, NBC News, “Голасе Амерыкі” і Gray TV. У маі 2022 года яна перайшла на канал Newsmax, дзе вядзе ўласную праграму. У 2010-х гадах ван Састэрэн уваходзіла ў спіс 100 самых уплывовых жанчын у медыясферы, паводле версіі Forbes.
З публікацый у медыя вынікае, што Джон і Грэта прымалі ў сябе дома шматлікіх знакамітасцей і палітычных дзеячаў. Сярод іх былі Озі і Шэран Осбарны, якія суправаджалі іх на штогадовым абедзе для карэспандэнтаў Белага дома, а таксама каралева Іарданіі Нур, якая вячэрала ў іх доме падчас візіту ў Вашынгтон.
“Ён прысутнічаў на вяселлі Кім Кардаш’ян і прадстаўляў інтарэсы Лізы Марыі Прэслі падчас яе разводу з Майклам Джэксанам — у той перыяд, калі Прэслі была звязана з Царквой саенталогіі. Сам Коўл і ван Састэрэн ужо шмат гадоў з’яўляюцца прыкметнымі прадстаўнікамі гэтай арганізацыі”, — пісаў The Washington Post.
Коўл і саенталогія
Пра сувязь Коўла і ван Састэрэн з саенталогамі пісалі даволі шмат. У артыкуле Politico за 2009 год згадваецца, што Джон, будучы дарадцам Сары Пэйлін, выступаў за стварэнне палітычнага камітэта саентолагаў, каб палепшыць палітычныя перспектывы гэтай рэлігіі. Але гэтая ідэя ні да чаго не прывяла.
У блогу, прысвечаным саенталогіі, гаворыцца, што Грэта далучылася да царквы дзякуючы мужу: “Яна адданы член арганізацыі, але ніколі публічна нічога не гаворыць пра саенталогію і не наведвае яе буйныя мерапрыемствы”. Пры гэтым у інтэрнэце можна знайсці згадкі пра тое, што ў 1995 годзе ў інтэрв’ю часопісу People яна назвала сябе “перакананай прыхільніцай іх этычных прынцыпаў”.
А вось што The Washington Post пісаў пра Коўла і саенталогію:
“Часам Коўл выбіраў справы, якія адпавядалі інтарэсам саенталагічнага руху. У прыватнасці, ён удзельнічаў у серыі судовых іскаў супраць вытворцы і ўрачоў, якія прызначалі рыталін — прэпарат, шырока ўжываны для лячэння сіндрому дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці ў дзяцей.
У Вашынгтоне, дзе прынята захоўваць пэўную стрыманасць, Коўл і ван Састэрэн рэдка абмяркоўваюць сваю прыналежнасць да саенталогіі — супярэчлівага рэлігійнага руху, які выступае супраць псіхіятрыі і аддае перавагу духоўнаму аздараўленню.
Коўл сцвярджае, што яго рэлігійныя перакананні не ўплываюць на яго палітычныя погляды”.
У палітыцы
Да 2010-х гадоў Коўл быў актыўным прыхільнікам Дэмакратычнай партыі. Ён супрацоўнічаў з адміністрацыяй Клінтана ў пытаннях барацьбы з тытунекурэннем і рэфармавання заканадаўства аб зброі. Яго нават называлі “дэмакратам Клінтана”.
У 2008 годзе падчас перадвыбарчай кампаніі ён падарожнічаў па краіне разам з Хілары Клінтан. Аднак на саміх выбарах ужо падтрымаў кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна.
Адзначалася, што Джон “прыцягнуў увагу нацыянальных СМІ, калі падтрымаў прэзідэнцкую кампанію сенатара Джона Макейна [у 2008 годзе] у знак пратэсту супраць таго, як абыходзіліся з сенатарам Хілары Родэм Клінтан, якую ён падтрымліваў на праймерыз [Дэмакратычнай партыі]”.
Падчас той кампаніі Коўл пасябраваў з кандыдаткай Макейна на пасаду віцэ-прэзідэнта Сарай Пэйлін.
Прэса пісала, што, калі Коўл даведаўся пра сур’ёзныя даўгі сям’і Пэйлін, звязаныя з юрыдычнымі расследаваннямі на Алясцы, ён дапамог ёй стварыць палітычны камітэт для збору сродкаў. Пра гэты камітэт Коўл расказаў сваёй знаёмай, аглядальніцы свецкай хронікі газеты New York Post Сіндзі Адамс, якая амаль адразу згадала фонд у сваёй калонцы. І ўжо праз тры дні на рахунку было 400 тысяч долараў ахвяраванняў.
Палітычныя сімпатыі Коўла зноў змяніліся, калі Абама набліжаўся да завяршэння свайго прэзідэнцкага тэрміну.
У 2016 годзе Коўл падтрымаў кампанію дэмакрата Марціна О’Мэлі. Як вынікае з рэпартажу The Washington Post, Джон суправаджаў палітыка ў перадвыбарчых паездках, якія сам жа і арганізоўваў.
Вось што пісала выданне:
“Коўл — адвакат на пенсіі, у мінулым даволі яркі і вядомы судовы юрыст, які зарабіў мільёны на судовых працэсах супраць тытунёвай індустрыі ў 1990-х гадах. Цяпер ён выкарыстоўвае свой прыватны самалёт, каб перавозіць О’Мэлі па штатах, дзе праходзяць першыя этапы вылучэння кандыдатаў. Тым часам малавядомы дэмакрат разважае над магчымасцю ўдзелу ў прэзідэнцкай гонцы, хоць яго шанцы на перамогу вельмі невялікія”.
Там жа гаворыцца, што з сярэдзіны 1990-х гадоў Коўл ахвяраваў больш за 750 тысяч долараў розным кандыдатам і палітычным камітэтам, большасць з якіх прадстаўлялі Дэмакратычную партыю.
Аднак сваё захапленне выбарчымі кампаніямі адвакат параўнаў з тым, якое “мала чым адрозніваецца ад захаплення спартыўнага заўзятара”.
Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2016 года Коўл паўтараў журналістам, што ездзіць з О’Мэлі не дзеля палітычнай выгады.
“Мне не патрэбна пасада. Я не хачу быць паслом чаго б там ні было. Мне ад яго нічога не трэба, хіба што запрашэнне на пару дзяржаўных прыёмаў”, — казаў Коўл.
Калі О’Мэлі выйшаў з гонкі, Коўл зноў падтрымаў Хілары Клінтан. Але на тых выбарах перамогу атрымаў Дональд Трамп.
Місіянерства і багацце
Джона Коўла можна назваць паспяховым чалавекам. Яшчэ ў 2000-х гадах ён перастаў займацца юрыдычнай практыкай. З таго часу браўся толькі за асобныя праекты.
Дзякуючы гучным справам, якія ён выйграваў, Коўл зарабіў дастаткова вялікае багацце. Яно дазволіла яму не толькі ўкладваць грошы ў палітыку, але і ахвяраваць сродкі на дабрачыннасць.
Джона і Грэту называлі буйнымі дабрачынцамі сваёй царквы. І тут гаворка ўжо не пра саентолагаў, а пра арганізацыю “Сумка самараніна” (Samaritan’s Purse), якую ўзначальвае пастар-евангеліст Фрэнклін Грэм.
Пара таксама ўдзельнічала ў розных праектах, напрыклад, у кіраванні дзіцячым домам на Гаіці і падтрымцы дзвюх вёсак у Камбоджы.
У розных артыкулах згадвалася, што ў сужэнцаў ёсць дом у Кліруотэры, штат Фларыда, дзе знаходзіцца галоўны навучальны і рэтрыт-цэнтр іх рэлігійнай арганізацыі.
Коўл і ван Састэрэн у асноўным жывуць у Вашынгтоне, але ў розныя гады сужэнцы куплялі і прадавалі розную нерухомасць: пентхаусы і дамы. Напрыклад, зямельны ўчастак плошчай 1,67 акра ў Бэтэсдзе, які яны набылі ў 2019 годзе, быў прададзены за 2,87 мільёна долараў.
Аднак усё гэтае багацце ніяк не адбівалася на знешнім выглядзе і паводзінах Коўла. Паводле слоў яго знаёмых, у Коўле “няма нічога, што выдавала б у ім чалавека з яхтай або жонкай. Ён проста добры чалавек”.
Важна адзначыць, што ў 2012 годзе ў Коула дыягнаставалі рак горла. З гэтай хваробай сям’я змагалася некалькі гадоў.
Разам з Трампам
У 2021 годзе, калі Дональд Трамп ужо быў былым прэзідэнтам ЗША, ён наняў Коўла і яшчэ семярых юрыстаў, каб прадстаўляць яго інтарэсы ў іску супраць буйных сацыяльных сетак — Facebook, Twitter і Google. Трамп расцаніў дзеянні тэхналагічных гігантаў як цэнзуру. Гаворка ішла пра блакіроўку яго акаўнтаў пасля нападу натоўпу на Капітолій 6 студзеня 2021 года.
Прэса пісала, што раней Коўл быў “прыкметным прадстаўніком вашынгтонскай эліты, супраць якой Трамп неаднаразова выступаў з рэзкімі крытычнымі заявамі”.