У Расіі закрываецца "Новая газета"

Планёрка ў "Новой газете"

Планёрка ў "Новой газете" / novayagazeta.ru

У Расіі закрываецца "Новая газета" — бадай, найбольш паважанае незалежнае выданне краіны.

Газета змагла працаваць у РФ у надзвычай складаных умовах, але цяпер яны сталі невыноснымі: шэф-рэдактара чакае суд, уся рэдакцыя стала "замежнымі агентамі", іх высяляюць з офіса.

"9 лістапада мы пагасім святло ў нашым доме, дзе пражылі 30 гадоў, выключым серверы і сыдзем. Газеты больш няма. Расійскія ўлады і расійскія спецслужбы прымусілі рэдакцыю спыніць працу. Трыццаць з лішнім гадоў жыцця разам з краінай і яе грамадзянамі скончацца для нас на вуліцы, без сродкаў да існавання, пад пастаяннай пагрозай рэпрэсій", — напісана ў рэдакцыйнай заяве.

Разам з абвесткай пра сваё закрыццё "Новая" канстатуе сітуацыю ў Расіі агулам:

"Яны кажуць, што абараняюць канстытуцыйны лад. Не, гэта антыканстытуцыйны лад. Таму што Канстытуцыя згвалтаваная, збітая і з залепленым ротам кінутая ў турму на велізарны тэрмін. Як і тысячы грамадзян сваёй краіны, якія проста прытрымліваліся яе артыкулаў. Як і дзясяткі тысяч іншых грамадзян краіны, якія вымушана сталі бежанцамі, пакінуўшы свае дамы і выехаўшы ў невядомасць".

"Новай газетай" кіраваў Дзмітрый Муратаў — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2021 года "за намаганні па абароне свабоды выказвання меркаванняў, якая з'яўляецца перадумовай дэмакратыі". У розныя гады выданне рабіла рэзанансныя расследаванні: пра выбухі ў жылых дамах напрыканцы 1990-х, пра рэакцыю ўладаў на Бяслан, пра Чачню, пра ўдзел Расіі ў агрэсіі супраць Украіны пачынаючы з 2014-га.

Працяглы час "Новая газета" была партнёрам Еўрарадыё. Калегі, дзякуй за працу! Трымайцеся, мы яшчэ абавязкова пабачымся.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.