Аўтар паправіў скандальную скульптуру ў Быхаве

Абноўленая скульптура ў Быхаве

Абноўленая скульптура ў Быхаве / АНТ

Скульптар Аляксандр Мінькоў паправіў скандальную кампазіцыю "Жанчыны-маці", якую ўрачыста адкрылі ў Быхаве 6 лістапада. Абноўленую кампазіцыю паказалі на тэлеканале АНТ.

Нагадаем, што пасля адкрыцця скульптура выклікала бурнае абмеркаванне ў грамадстве. Беларусаў абурылі і прапорцыі, і твар жанчыны, і яе прычоска, і адсутнасць шыі.

Пасля хвалі абурэння мясцовыя ўлады прызналі, што скульптура не адпавядае зацверджанаму эскізу. Чыноўнікі прызналіся, што ўпершыню пабачылі твор толькі падчас адкрыцця.

Дарэчы, пасля выпраўлення афіцыйна скульптуру дагэтуль так і не прынялі. Цяпер яе прыкрылі чорным пакетам.

Тым часам Мінькоў кажа, што пасля шуміхі цікавасць да яго працы вырасла і цяпер скульптуру хочуць купіць. Аўтар не паведаміў, колькі яму прапануюць за помнік, але заявіў, што пакупнікі гатовыя заплаціць больш, чым Быхаўскі выканкам.

Старшыня Беларускага саюза мастакоў Андрэй Васілеўскі мяркуе, што скандальная вядомасць можа дапамагчы ў продажы твора: "Паколькі адмоўны піяр — гэта таксама рэклама, прычым бывае вельмі эфектыўная, не здзіўлюся, калі яе купяць".

Дарэчы, Мінькоў паведаміў, што пасля скандалу з быхаўскай скульптурай яго адхілілі ад усіх дзяржаўных заказаў. Таксама ў Касцюковічах неўзабаве плануюць замяніць і другую ягоную скульптуру — "Алесь і Алеся", створаную да Дня беларускага пісьменства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.