Аўстрыйская кампанія, якая належыць беларусу, абыходзіла санкцыі ЕС
Вена / pixabay.com
У Аўстрыі выкрылі дзейнасць кампаніі, якая ў абыход санкцый ЕС пастаўляла ў Расію абсталяванне для вытворчасці рухавікоў ракет і знішчальнікаў. Пра гэта 10 жніўня паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў Аўстрыі, заўважыла выданне "Беларусы і рынак".
Для пастаўкі абсталявання, якое трапляе пад санкцыі, венская кампанія падрабляла сертыфікаты канчатковага карыстальніка. У МУС заяўляюць, што 28-гадовы беларускі кіраўнік кампаніі быў арыштаваны ў траўні.
Для абыходу санкцый аўстрыйская фірма выкарыстоўвала сетку падстаўных кампаній у Турцыі, Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Ганконгу, Беларусі, Кыргызстане, Паўднёвай Карэі, Польшчы і Літве. Абсталяванне ішло для кампаніяў, якія ўваходзяць у склад расійскага дзяржаўнага прамысловага кангламерату "Растэх".
У дзень арышту галоўнага падазраванага аўстрыйскія ўлады канфіскавалі станкі з лічбавым праграмным кіраваннем і спецыялізаваныя інструменты на суму каля 140 000 еўра. Доказы, канфіскаваныя падчас чатырох рэйдаў у жніўні 2025 года, паказваюць, што з 2022 года расійскім вытворцам зброі былі пастаўленыя прамысловыя тавары на суму больш за 3,3 мільёна еўра.