Арганізатары TEDx Ulica Mińska не могуць атрымаць грошы за прададзеныя квіткі
Івэнт TEDx Ulica Mińska / facebook.com/annette.kozlova
На івэнт TEDx Ulica Mińska прадалі квіткоў на 84 тысячы злотых (каля 19,5 тысячы еўра). Аднак арганізатары не могуць атрымаць грошы — беларус, праз чыю фірму ажыццяўляліся продажы, перастаў адказваць.
Некалькі плацяжоў арганізатарам былі зробленыя да пачатку канферэнцыі, аднак потым пачаліся бясконцыя адтэрміноўкі, піша суарганізатарка івэнту Ганна Казлова.
Кіраўнік кампаніі-аператара Relivent Павел Цішчанка, кажа Казлова, некалькі разоў пераносіў тэрміны аплаты. Потым казаў, што грошы высланыя, аднак іх блакуе банк. Пазней прызнаў, што плацяжы не былі выкананыя банкам.
Таксама ён нібы прапанаваў і некалькі разоў змяняў графік пагашэння запазычанасці "з асабістымі гарантыямі".
"У сярэдзіне ліпеня Павел перастаў адказваць нам і нашым падрадчыкам. Мы свядома пазбягаем юрыдычных кваліфікацый таго, што адбылося, але нашы падрадчыкі разглядаюць зварот у суд", — дадала Казлова.
Кампанія-аператар па продажу квіткоў Relivent была створаная ў 2022-м маладым беларускім бізнесоўцам Паўлам Цішчанкам. Як кажа Казлова, працаваць з імі арганізатары На TEDx Ulica Mińska пачалі па рэкамендацыі знаёмых.