З керамістаў — у АМАП. Як сілавікі вярбуюць моладзь і якімі будуць наступствы?

Вучням паказалі зброю

Вучням паказалі зброю / vitgtk.belstu.by

Беларусь ужо знаходзіцца сярод сусветных лідараў па колькасці супрацоўнікаў унутраных спраў на 100 тысяч насельніцтва. Аднак дзяржава працягвае шукаць новыя кадры — у тым ліку сярод моладзі.

Прывабліваючы маладых людзей жыллём, заробкамі і магчымасцю рана выйсці на пенсію, улады прапануюць ім працу, звязаную з высокімі нагрузкамі, абмежаваннямі асабістай свабоды і палітычнымі рызыкамі.

Пра тое, чаму сілавыя структуры працягваюць вербаваць моладзь і што застаецца за рэкламнымі абяцаннямі, расказвае намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі па нацыянальным адраджэнні ў галіне адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін.


Каледж для творцаў — і раптам міліцыя

Нагодай для размовы стаў “Дзень выбару прафесіі” ў Віцебскім прафесійна-тэхналагічным каледжы. Установа рыхтуе керамістаў, мастакоў, ювеліраў, разьбяроў па дрэве, спецыялістаў іншых творчых і тэхнічных прафесій. Аднак сярод запрошаных на мерапрыемства аказаліся супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МУС і АМАПа.

Навучэнцам расказвалі пра магчымасці кар’ернага росту ў міліцыі, абяцалі льготныя крэдыты на жыллё, службовае і арэнднае жыллё, а таксама пенсію пасля 20 гадоў службы. Ім паказалі зброю і абмундзіраванне, а напрыканцы прапанавалі запоўніць анкеты, каб даведацца, хто з выпускнікоў разглядае магчымасць перайсці на службу ў міліцыю.

Але чаму дзяржаве даводзіцца шукаць будучых міліцыянтаў нават сярод тых, хто ўжо атрымлівае іншую прафесію?

З керамістаў — у АМАП. Як сілавікі вярбуюць моладзь і якімі будуць наступствы?
“Дзень выбару прафесіі” ў Віцебскім прафесійна-тэхналагічным каледжы

Нават вялікай колькасці сілавікоў недастаткова

Як адзначае Андрэй Лаўрухін, нягледзячы на дамінуючыя паказчыкі ў міждзяржаўным супастаўленні (“нават калі параўноўваць з суседняй Расіяй”), паходы ў навучальныя ўстановы могуць сведчыць пра недахоп кадраў у асобных падраздзяленнях.

Сюжэт па тэме глядзіце ў нашай праграме "Сэнсы дня"!

Жыллё і ранняя пенсія — што застаецца за абяцаннямі

Прапановы МУС могуць выглядаць прывабна для маладых людзей, якія толькі пачынаюць самастойнае жыццё.Тым больш, што заробкі будучых керамістаў у параўнанні з заробкамі ды іншымі “плюшкамі”, якія маюць сілавікі, выглядаюць зусім невялікімі. 

Службовае жыллё, магчымасць атрымаць ільготны крэдыт і адносна ранні выхад на пенсію могуць падавацца гарантыяй стабільнасці. Аднак, на думку эксперта, важна ўлічваць не толькі матэрыяльныя перавагі, але і ўмовы службы.

— Гэта праца вельмі інтэнсіўная (24/7, амаль вайсковыя ўмовы існавання), звязаная з палітыкай і з рызыкамі для асабістага жыцця, здароўя і для таго, каб мець сям’ю, бо не кожны партнёр ці партнёрка такое вытрымае.

Асобная праблема — магчымасць палітычнага выкарыстання сілавых структур. Пасля падзей 2020 года беларусы бачылі, як супрацоўнікі праваахоўных органаў удзельнічалі ў затрыманнях і гвалце ў дачыненні да суграмадзян. Таму выбар такой прафесіі можа азначаць не толькі фізічныя і псіхалагічныя нагрузкі, але і неабходнасць дзейнічаць у сітуацыях, якія супярэчаць асабістым перакананням.

— Ці магчыма гэта будзе пакрыць пенсіяй і грашыма? — задаецца пытаннем Андрэй Лаўрухін.

Гэтыя рызыкі асабліва важна ўлічваць маладым людзям, якія яшчэ не маюць досведу самастойнага прафесійнага выбару. Матэрыяльныя гарантыі могуць выглядаць пераканаўча цяпер, але наступствы службы здольны ўплываць на ўсё далейшае жыццё.

З керамістаў — у АМАП. Як сілавікі вярбуюць моладзь і якімі будуць наступствы?
Анкеты ад міліцыі

Ці шмат выпускнікоў пагаджаецца на такія прапановы?

Наколькі паспяхова ўлады вярбуюць моладзь, сказаць складана: адпаведнай статыстыкі няма. Сам факт, што прадстаўнікі МУС прыходзяць у каледжы і прапануюць навучэнцам разгледзець магчымасць змены прафесіі, на думку эксперта, можа сведчыць пра наяўнасць кадравага дэфіцыту.

Пры гэтым матэрыяльныя бонусы неабавязкова пераважаюць над іншымі фактарамі, калі чалавек узважвае ўсе ўмовы працы.

— Пры рацыянальным выбары рашэнне будзе не на карысць таго, каб ісці на гэтую працу.

Эксперт падкрэслівае, што рэальную карціну можна будзе ацаніць толькі пасля таго, як стане вядома, колькі выпускнікоў запоўняць анкеты і сапраўды будуць разглядаць службу ў міліцыі як варыянт працаўладкавання.

Таму галоўнае пытанне — не толькі ў тым, ці здолее дзяржава прыцягнуць новых супрацоўнікаў. Важна і тое, ці атрымліваюць маладыя людзі поўнае ўяўленне пра прафесію: яе ўмовы, абмежаванні, асабістую адказнасць і магчымыя наступствы ўдзелу ў дзеяннях сілавых структур.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.