Міліцыя просіць у палітуцякачкі распіску, што тая не вернецца ў Беларусь

Міліцыя, ілюстрацыйнае фота

Міліцыя, ілюстрацыйнае фота / ostrovets.by

Амаль анекдатычны выпадак здарыўся з віцебскай палітуцякачкай, абвешчанай у міждзяржаўны вышук. Пра яго пішуць праваабаронцы з "Віцебскай Вясны" са словаў самой жанчыны.

Віцяблянка атрымала ў сацсетках некалькі паведамленняў ад супрацоўніка беларускага крымінальнага вышуку. Ёй прапанавалі напісаць "распіску" пра тое, дзе яна жыве цяпер, а таксама — што яна не збіраецца вяртацца на радзіму. Пасля гэтага жанчына мусіла сфатаграфавацца з гэтай распіскай і даслаць фота аўтару прапановы. Тады, як заявіў супрацоўнік МУС, ён нібыта зможа "прыпыніць" крымінальную справу, якую на яе пачалі за "абразу прадстаўніка ўлады".

Таксама міліцыянта цікавілі звесткі пра сям’ю віцяблянкі і яе планы на бліжэйшую будучыню. Жанчына адмовілася ад размоваў на ўсе гэтыя тэмы: яна мяркуе, што наўрад у крымінальным вышуку клапоцяцца аб "прыпыненні" яе справы. Хутчэй за ўсё, лічыць віцяблянка, там проста спрабуюць здабыць пра яе нейкія дадатковыя звесткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.