"Яго жыццё было ўзорам". Польскія і беларускія палітыкі — пра Мілінкевіча

Словы ў гонар беларускага палітыка

Словы ў гонар беларускага палітыка / LookByMedia

22 жніўня 2026 года ў Варшаве развіталіся з беларускім палітыкам і грамадскім дзеячам Аляксандрам Мілінкевічам. Ён памёр 10 жніўня ва ўзросце 79 гадоў.

Развітанне адбылося ў саборы святога Яна Хрысціцеля. Падчас жалобнай цырымоніі палітыкі Беларусі і Польшчы ўзгадвалі Аляксандра Мілінкевіча, прысвяціўшы яму шмат цёплых слоў.

Так, прэзідэнт Польшчы Кароль Наўроцкі напісаў, што "сёння схіляюцца бела-чырвона-белы, а таксама бела-чырвоны сцягі ў знак павагі да чалавека, які валодаў глыбокімі ведамі, сумленнасцю і мужнасцю".

"Ён належаў да пакалення беларускіх актывістаў і палітыкаў, якія бачылі будучыню сваёй радзімы ў дэмакратыі, развіцці і добрых адносінах з суседзямі ў рэгіёне", — падкрэслівае Наўроцкі.

Святлана Ціханоўская адзначыла, што "ён быў тым палітыкам, за якога ніколі не было сорамна. На якога хацелася раўняцца". 

"У ім беларусы бачылі парадачнага і адказнага лідара. І тую іншую Беларусь — нармальную, несавецкую, еўрапейскую. Ён жыў Беларуссю. Дыхаў Беларуссю. Асабістае і нацыянальнае для яго былі непадзельныя. І ён вельмі любіў наш народ. Гэтая любоў рабіла яго такім сваім. Сваім для вельмі розных людзей", — сказала лідарка беларускіх дэмакратычных сіл у сваёй развітальнай прамове. 

“Его жизнь была образцом”. Польские и белорусские политики — о Милинкевиче

У развітальным лісце міністр замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага напісаў, што "Мілінкевіч як грамадзянін двух народаў сваім жыццём напісаў цудоўную карціну"

"Яго жыццё было ўзорам. Польшча будзе заўсёды памятаць. Мы страцілі не толькі вялікага чалавека, але выдатнага гуманіста, які нёс гэты гуманізм у палітыку", — адзначаецца ў лісце.

Ад імя спікеркі Сейма Польшчы выступіў дэпутат Роберт Тышкевіч, сябар Аляксандра Мілінкевіча.

"Мы развітваемся з выдатным чалавекам. [...] Ён не быў рэвалюцыянерам, ён быў беларускім патрыётам, які паходзіў з роду ўдзельніка студзеньскага паўстання 1863 года. Быў заснавальнікам студэнцкай праграмы імя Каліноўскага, якая павінна працягвацца", — сказаў ён.

Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў, што "такія людзі пакідаюць нам моц і сілу працягваць змагацца за рэалізацыю нашай агульнай надзеі, у якую верыў Аляксандр Уладзіміравіч — гэта свабодная, дэмакратычная, незалежная Беларусь".

Аляксандр Мілінкевіч пахаваны на Вайсковых могілках у Павонзках.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.