Ва Украіне зарэгістравалі законапраект аб спрошчанай легалізацыі беларусаў

Вярхоўная Рада

Вярхоўная Рада / Reuters/Scanpix

Ва ўкраінскай Вярхоўнай Радзе зарэгістравалі законапраект, які прадугледжвае асаблівы прававы статус і ўмовы інтэграцыі беларускіх грамадзян ва Украіне падчас ваеннага становішча. Яго падаў сябра міжфракцыйнай групы Вярхоўнай Рады "За дэмакратычную Беларусь" Аляксей Ганчарэнка. Пра гэта ён паведаміў у сваім тг-канале.

Калі такі закон прымуць, грамадзяне Беларусі, якія легальна ўязджаюць ва Украіну, змогуць атрымаць "інтэграцыйны" дазвол на жыхарства на тры гады. Гэты дазвол дасць права працаваць, займацца бізнесам і карыстацца сацыяльнай абаронай.

Праз тры гады пражывання ва Украіне беларусы змогуць падаваць дакументы на атрыманне ўкраінскага грамадзянства. Яно будзе надавацца пасля праверкі з боку кампетэнтных органаў, а таксама здачы іспытаў на веданне ўкраінскай мовы і гісторыі краіны.

Ганчарэнка ахарактарызаваў прапанаваныя меры як "пазітыўную дыскрымінацыю" беларусаў. Ён падкрэсліў этнічную, рэлігійную і гістарычную блізкасць нашых народаў: "Наша задача — даць ім усе магчымасці жыць, нараджаць дзяцей, ствараць сем’і, будаваць бізнесы і быць часткай нашай вялікай краіны".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.