Ва Украіне зацягваецца ўстаноўка мемарыяла Марыі Зайцавай і іншым загінулым ваярам

Добраахвотніца Марыя Зайцава

Добраахвотніца Марыя Зайцава / Hospodarske Noviny

24-гадовая беларуская грамадская актывістка і ваенная добраахвотніца Марыя Зайцава з пазыўным “Адысея” загінула 17 студзеня 2025 года і была пахаваная на Лук’янаўскіх могілках у Кіеве, насупраць пабраціма з пазыўным “Мінск”.

На гэтых могілках ужо даўно дзейнічае забарона хаваць у зямлю — магчыма толькі змяшчэнне урны з прахам. Але, згодна з тэстаментам, Марыя не хацела быць крэміраванай. Як высветліла Еўрарадыё, не толькі з гэтым узнікла праблема, якая больш за год не можа вырашыцца.

 

“На сённяшні дзень чакаецца канчатковае зацвярджэнне агульнага праекта архітэктарамі”

Змена формы пахавання згодна з апошняй воляй добраахвотніцы стала магчымай дзякуючы даверанай асобе на выпадак смерці — прадстаўніцы Офіса Святланы Ціханоўскай у Празе Крысціне Шыянок. Таксама вырашальную ролю сыграў кіеўскі гарадскі галава Віталій Клічко.  

На магіле Марыі Зайцавай сёння стаіць драўляная канструкцыя са здымкам і надпісам чорнай фарбай: “Марыя Зайцава”. Унізе па ініцыятыве адной з былых партнёрак Марыі дадаткова пастаўленая металічная таблічка з дэвізам “be loyal to what matters”, выявай трусіка, імем, а таксама сямейным прозвішчам Хальц, якое сабе хацела вярнуць Марыя. 

Справа ў тым, што прапрадзеда па лініі маці звалі Сцяпан Стэфанавіч Хальцаў. У яго былі галандскія карані, а паходзіў ён з вёскі Цэркаўе Буда-Кашалёўскага раёна.

Ва Украіне зацягваецца ўстаноўка мемарыяла Марыі Зайцавай і іншым загінулым ваярам
Святлана Ціханоўская ўскладае кветкі да магілы Марыі Зайцавай на Лук’янаўскіх могілках у Кіеве, Украіна, 25 мая 2026 года / LookByMedia

Па традыцыі праз год на магіле ставяць помнік. Аднак украінскі бок запэўніў пры пахаванні, што ў гарадскіх уладаў ёсць план паставіць мемарыял, таму ўсталяванне ўласнага помніка немэтазгодна. 

У сувязі з шырокай вядомасцю Марыі, якая моцна пацярпела ад гвалту сілавікоў летам 2020 года, а пасля выздараўлення запісалася ва УСУ абараняць Украіну, бацькі дзяўчыны знаходзяцца пад пільнай увагай у Беларусі. 

З прычыны бяспекі наведванне імі месца спачыну дачкі стане магчымым тады, калі гэта будзе дазваляць агульная сітуацыя. Але, як кажа Крысціна Шыянок, сям’я Марыі перажывае, што драўляная канструкцыя згніе, і тады магіла стане цалкам безымяннай. 

Таму сваякі хацелі б, каб на магіле было штосьці болей даўгавечнае. Калі гэта не будзе пярэчыць афіцыйным планам гарадскіх уладаў Кіева. 

Нядаўна Офіс беларускіх дэмсіл у Чэхіі атрымаў запыт ад ваяра наконт сітуацыі з помнікам. 

“Мы звярнуліся па актуальную інфармацыю да ўкраінскага боку. Згодна з атрыманым ад 7 ліпеня 2026 адказам, на гэтым этапе асобнае праектаванне або мантаж помнікаў у тым сектары немэтазгодныя, бо на гэтым месцы прадугледжаны адзіны мемарыял для герояў, загінулых за Украіну. Нам паведамілі, што на сённяшні дзень чакаецца канчатковае зацвярджэнне агульнага праекта архітэктарамі. Але хачу падкрэсліць, што наш запыт не быў афіцыйны”, — кажа дырэктарка пражскага Офіса Крысціна Шыянок.

Пытанне, наколькі можа зацягнуцца арганізацыя мемарыяла ці мемарыяльнай алеі для беларускіх ваяроў на Лук’янаўскіх могілках і ці будзе іх стварэнне прывязана да заканчэння расійскай вайны супраць Украіны, пакуль застаецца без адказу.

Еўрарадыё зрабіла афіцыйны запыт на адрас кіеўскіх улад, калі можа быць вырашана пытанне. Калі мы атрымаем адказ — працягнем гэтую гісторыю. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.