У Польшчу заляцелі дзве расійскія ракеты і дрон — міністр абароны

Уладзіслаў Касіняк-Камыш

Уладзіслаў Касіняк-Камыш / PAP

На тэрыторыю Польшчы заляцелі дзве расійскія ракеты і рэактыўны дрон. Гэта адбылося падчас расійскай паветранай атакі супраць Украіны. Пра гэта заявіў польскі міністр абароны Уладзіслаў Касіняк-Камыш.

"Гэта была ракета Х-101, якая парушыла польскую паветраную прастору. У другім выпадку таксама можна казаць аб ракеце, у трэцім — хутчэй за ўсё, гэта рэактыўны дрон", — перадае "Польсат" словы міністра.

Раней паведамлялася пра паветраную трывогу ў Люблінскім і Падкарпацкім ваяводствах Польшчы зранку 20 лістапада. А недалёка ад польска-ўкраінскай мяжы адбыўся выбух.

Касіняк-Камыш заявіў, што гэты ўдар па Украіне, які закрануў тэрыторыю Польшчы, стаў адным з найбуйнейшых з пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі. На яго думку, гэта сведчыць, што "Расія ніякім чынам не змяншае маштабы канфлікту, не спыняецца, а толькі перасякае чарговыя межы".

Польскі міністр мяркуе, што Расія знарок абрала 20 лістапада як дату для правакацыі супраць Польшчы: у гэты дзень у краіне пачынаюцца вучэнні кааліцыі добраахвотнікаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.