У маёй справе было напісана: альбом беларускіх народных песень — Алесь Чумакоў

Алесь Чумакоў у віленскім шэлтары пасля вызвалення

Алесь Чумакоў у віленскім шэлтары пасля вызвалення / svaboda.org

Музыку Алеся Чумакова з гурта "Стары Ольса" асудзілі за тое, што ён граў і запісваў беларускія народныя песні. Пра гэта ён сам расказаў у інтэрв'ю для Радыё Свабода.

Чумакоў быў у групе палітвязняў, якіх вызвалілі 16 верасня і вывезлі ў Літву. Ён плануе пераехаць у Польшчу, дзе вернецца да заняткаў музыкай.

Дарэчы, за кратамі ён таксама не забываўся на музыку: "У гэтым годзе я спяваў калядныя песні для сукамернікаў у Калядзічах. Зладзіў калядны квіз — яны адгадвалі краіны, адкуль паходзіць песня. Голас дрыжэў страшэнна, але нешта было".

Затрымалі Чумакова 27 лістапада 2025 года, а суд адбыўся толькі сёлета ў жніўні. На ім музыка пачуў абвінавачанні: "Граў беларускую народную музыку і тым самым гуртаваў пратэставае ядро".

Чумакова асудзілі паводле артыкула 361-1 Крымінальнага кодэксу — за ўдзел у экстрэмісцкім фармаванні. Яго назвалі ўдзельнікам Беларускай рады культуры, да якой музыка не меў ніякага дачынення. Прысудзілі два гады калоніі агульнага рэжыму.

"У маёй справе так і было напісана — альбом беларускіх народных песень, у колькасці не менш за 11 твораў. Пералічвалі назвы: "Чаму ж мне не пець, чаму не гудзець", "Ходзіць Ваня па вуліцы", "Кума-кумачка, дзе жывеш". На судзе мы іх нават паслухалі. Я там нават балдзеў трохі, праз дзевяць месяцаў адседкі ўпершыню слухаў свой альбом. А пракурорша такая кажа, што пазнаёмілася з матэрыяламі альбома Алеся Чумакова і нічога цікавага там не знайшла. Мяне так абурыла гэта. Я ўсё жыццё паклаў, каб навучыцца граць такую музыку якасна. А яны нічога цікавага не знайшлі, нічога сабе", — згадвае Чумакоў.

Паведамляецца, што сам альбом мае выйсці неўзабаве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.