У Львове адкрылі фотавыставу пра баявы шлях палка Каліноўскага
Фотавыстава ў Львове пра полк Каліноўскага / hromadske
У Львове ў Доме Ваяра адбылася прэзентацыя дакументальнай фотавыставы "Полк Каліноўскага: доўгае падарожжа дадому". Як перадае hromadske, выстава прысвячаецца беларускім добраахвотнікам у складзе сіл абароны Украіны.
Большасць фатаграфіяў размяшчаецца на кардонных скрынках. На іх можна пабачыць баявы шлях палка Каліноўскага — ад абароны Кіеўскай вобласці ўвесну 2022-га да Запарожжа, дзе падраздзяленне ваюе цяпер. За гады вайны полк прайшоў Бучу, Ірпень, а потым перайшоў на паўднёвы кірунак — удзельнічаў у баях на Мікалаеўшчыне і ў контрнаступе на Херсоншчыне.
"Скрынкі, якія вы бачыце на выставе, сімвалізуюць наш шлях дадому. Гэта значыць, мы цяпер знаходзімся не дома, а ў падвешаным стане ў рэжыме пастаянных пераездаў. Гэта сімвал пераездаў. На гэтай вайне мы сабралі вельмі вялікі багаж, з якім мы ўсё-ткі вернемся дадому", — так пра ідэю выставы расказаў добраахвотнік палка Каліноўскага Канстанцін Сушчык з пазыўным Кос.
На некаторых здымках у байцоў заблюраныя твары. Гэта тлумачыцца тым, што на радзіме ім пагражае пераслед. Прычым небяспека пагражае і сваякам, калі яны засталіся ў Беларусі.
Сам каліновец так патлумачыў, чаму ваюе на баку Украіны:
"Я лічу, што мы тут змагаемся з агульным ворагам. Калі ва Украіне агрэсія накіраваная вайсковым шляхам, то Беларусь акупаваная іншымі метадамі. Яна цалкам залежыць ад Расіі. Я перакананы, што не будзе свабоднай Беларусі без свабоднай Украіны. Таму гэта наш агульны шлях, і менавіта таму я тут".
Полк Каліноўскага страціў у баях больш за сорак добраахвотнікаў, а двое знаходзяцца ў расійскім палоне. Агулам на расійска-ўкраінскай вайне загінулі ўжо больш за сотню беларусаў, дадае Сушчык.
Ва Украіне беларускія добраахвотнікі таксама сутыкаюцца з бюракратычнымі цяжкасцямі. Яны не могуць атрымаць званне Героя Украіны, а іх сем'і — пасмяротныя выплаты, калі таксама маюць беларускі ці расійскі пашпарт.
Выстава "Полк Каліноўскага: доўгае падарожжа дадому" будзе дэманстравацца ў Львове ў Доме Ваяра да 3 снежня. Раней яе паказвалі ўжо ў Запарожжы і Кіеве.