У Германіі ў 2025 годзе афіцыйна былі працаўладкаваныя 12,5 тысячы беларусаў

Берлін

Берлін / pixabay.com

Паводле звестак на 30 чэрвеня 2025 года ў Германіі афіцыйна было працаўладкавана (з выплатай страхавых унёскаў) 12 499 беларускіх грамадзян. Пры гэтым 2618 з іх, або 20,9%, працавалі па дэфіцытных для краіны спецыяльнасцях.

Пра гэта піша выданне "Позірк", спасылаючыся на адказ урада ФРГ на запыт фракцыі апазіцыйнай партыі "Левыя" ў Бундэстагу. Партыя цікавілася замежнымі рабочымі, занятымі ў сферах з недахопам персаналу.

Дэпутаты адзначалі скарачэнне колькасці насельніцтва ў працаздольным узросце. У такіх умовах замежныя работнікі "асабліва для дэфіцытных і ключавых прафесій" становяцца адной з апораў эканомікі. Як адзначаюць "Левыя", без замежных работнікаў не маглі б функцыянаваць медыцына, рознічны гандаль, лагістыка ці сфера грамадскага харчавання.

Доля беларусаў сярод усіх афіцыйна працаўладкаваных замежнікаў складала 0,21%, у дэфіцытных прафесіях — 0,20%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.