Улады збіраюцца пазбавіць аховы гістарычныя сядзібы. Пад пагрозай — цэлы пласт спадчыны
Руіны сядзібы "Радзівілімонты" / Privat
У Беларусі могуць пачаць масава пазбаўляць гістарычныя помнікі ахоўнага статусу. У адным толькі Клецкім раёне Мінскай вобласці мясцовым уладам даручылі падрыхтаваць дакументы для выключэння са Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў адразу сямі аб'ектаў.
Пра гэта паведамляе Deutsche Welle са спасылкай на дакумент Мінскага аблвыканкама, які трапіў да аўтараў Telegram-канала "Спадчына".
Сярод аб'ектаў, якія могуць пазбавіцца аховы, — драўляны палац Радзівілаў у сядзібе "Радзівілімонты", пабудаваны ў 1780-х гадах, сядзібныя комплексы ў Тучы, Голынцы, Леташыне і Цясноўцы, фрагменты фальварка Вайніловічаў, а таксама гістарычны млын у Шэйках.
Эксперты асцерагаюцца, што пасля страты ахоўнага статусу помнікі могуць проста знесці. Прычым такая практыка, паводле іх, можа распаўсюдзіцца і на іншыя рэгіёны краіны.
Ананімны эксперт па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны лічыць, што рашэнне не стала нечаканасцю. Утрыманне і рэстаўрацыя старых будынкаў патрабуюць грошай, часу і навуковага падыходу. А многія мясцовыя ўлады, паводле яго слоў, маюць толькі адзін план для занядбаных сядзібаў: паспрабаваць іх прадаць.
"Калі гэта не ўдаецца, вырашаюць іх знесці".
Асабліва ўразлівымі могуць апынуцца былыя шляхецкія сядзібы. Многія з іх ужо ператварыліся ў руіны і гадамі не атрымліваюць належнага догляду.
Былы міністр культуры Павел Латушка называе магчымую кампанію небяспечнай для беларускай гістарычнай спадчыны. Паводле яго слоў, гаворка можа ісці не проста пра асобныя будынкі, а пра знішчэнне цэлага гістарычнага пласта.
"Калі бульдозерам знесці будынак у нуль разам з падмуркам, аднавіць яго будзе вельмі дорага і вельмі складана".
Латушка нагадвае, што шляхецкія сядзібы — гэта не толькі старая архітэктура. Яны захоўваюць гісторыі родаў, людзей і падзей, якія паўплывалі на фармаванне Беларусі.
Пры гэтым, адзначаюць эксперты, нават моцна пашкоджаныя помнікі можна кансерваваць і аднаўляць. Але калі будынак канчаткова знікне, разам з ім можа знікнуць і частка беларускай гісторыі.