Што чакае беларусаў у выгнанні, калі рэжым Лукашэнкі пачне пазбаўляць іх грамадзянства
Пашпарт Новай Беларусі і пашпарт Беларусі / LookByMedia
Адвакат Алесь Міхалевіч лічыць верагодным, што ўлады Беларусі пачнуць пазбаўляць грамадзянства людзей, якія знаходзяцца за мяжой. Пра гэта ён заявіў у эфіры Еўрарадыё.
Беларуская прапаганда не так даўно выпусціла сюжэт на гэтую тэму, зноў агучыўшы старую пагрозу.
Міхалевіч нагадвае, што такая практыка — гэта старая традыцыя. У савецкі час пісьменнікам часам дазвалялі адзін раз выехаць за мяжу, а потым прысылалі тэлеграму аб ануляванні грамадзянства.
Міхалевіч адзначыў, што паводле міжнародных канвенцый нельга пазбавіць грамадзянства чалавека, у якога яно адно і атрымана па нараджэнні.
Па яго словах, нават пры незаконным пазбаўленні грамадзянства ў базу Інтэрпола аўтаматычна трапіць інфармацыя аб ануляванні пашпарта. Таму магчымы затрыманне або праблемы на мяжы. Ён лічыць, што гэта адзінае сур'ёзнае, што ўлады могуць зрабіць: пазбавіць дакумента і магчымасці падарожнічаць з беларускім пашпартам.
Юрыст адзначыў, што большасць людзей са статусам бежанца і без таго не маюць права карыстацца беларускім пашпартам. Па яго словах, нават калі ў Польшчы пашпарт вяртаюць і нефармальна дазваляюць ім карыстацца, паводле Канвенцыі ААН яго выкарыстанне азначае зварот да абароны з боку Беларусі.
На думку Міхалевіча, ва ўлад няшмат магчымасцей уплываць на людзей за мяжой. Ён пералічыў, што ім застаецца: узмацненне ціску, больш людзей у турмах, пазбаўленне грамадзянства і канфіскацыя маёмасці.
Міхалевіч нагадаў, што існуе праект пашпарта Новай Беларусі. Адвакат сцвярджае, што гэты дакумент можа стаць пацверджаннем таго, што чалавек з'яўляецца беларусам. На яго думку, з часам такі пашпарт пачнуць прызнаваць розныя суб'екты і краіны.