Санкцыі перашкаджаюць пастаўляць у Беларусь лекі з Еўропы? Спраўдзілі рэестры
Лекі, ілюстратыўнае фота / pexels.com
Часам можна пачуць, што нейкія лекі ці медыцынскае абсталяванне адсутнічаюць у Беларусі праз санкцыі. Некаторыя кажуць, што ўведзеныя наўпроставыя абмежаванні — гэта не так. Іншыя — што санкцыі ўскосна перашкаджаюць заходнім вытворцам пастаўляць прадукцыю ў Беларусь. Прычым такую думку агучваюць і беларускія ўлады, і тыя, хто выступае супраць рэжыму, але адначасова крытыкуе санкцыйную палітыку.
Але спраўдзіць другі пункт даволі проста: паглядзець рэестры Цэнтру экспертыз і іспытаў у ахове здароўя. У іх знаходзяцца звесткі пра ўсе зарэгістраваныя ў краіне лекі ці медыцынскае абсталяванне.
Гэта працуе так: вытворца падае заяўку на рэгістрацыю ў Беларусі, а потым у Цэнтры вырашаюць, ці дастаткова ім інфармацыі пра іспыты, характарыстыкі і г.д. Калі ўсё ў парадку — у рэестры з'яўляецца назва, дата выдачы рэгістрацыі і яе тэрмін і іншыя даныя.
Калі сыходзіць з логікі, што заходнія кампаніі самі не ідуць у Беларусь — тады б у рэестры не з'яўляліся новыя лекі ці медабсталяванне з ЕС ці ЗША. Еўрарадыё спраўдзіла афіцыйныя пералікі.
Толькі за гэтае лета рэгістрацыю атрымлівалі прэпараты з Польшчы, Германіі, Славеніі, ЗША, Аўстрыі, Венгыры, Латвіі, Аўстрыі, Ірландыі. Тое ж самае — з пералікамі медыцынскіх вырабаў і абсталявання. Прычым, ухваленых заявак ад заходніх кампаній не адзінкі, а дзясяткі.
Калі падсумаваць: еўрапейскія і амерыканскія кампаніі працягваюць падаваць заяўкі на рэгістрацыю лекаў ці медвырабаў у Беларусі. То бок казаць, што санкцыі іх распуджваюць і гэта прыводзіць да праблем у беларускіх пацыентаў, некарэктна. Перабоі з наяўнасцю могуць здарацца па шэрагу розных прычын, бо такія рэчы залежаць ад бізнес-прычын.