Рэжым узмацніў ціск на сем'і журналістаў, якія пакінулі краіну
Архіўнае фота / ТАСС
Беларускія сілавікі ўзмацнілі ціск на сем'і журналістаў, якія былі вымушаныя з'ехаць з краіны праз рэпрэсіі і абмежаванні свабоды слова. Пра гэта паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
— Інфармацыя пра візіты сілавікоў да бацькоў беларускіх журналістаў, што ўцяклі ад рэпрэсій на радзіме, рэгулярна з’яўляецца на працягу ўсіх апошніх шасці гадоў, — расказваюць у БАЖ.
— У ліпені 2026 года, аднак, такіх паведамленняў стала значна больш. Хваля ціску на журналістаў праз ціск на іх сваякоў пракацілася па ўсёй Беларусі. За апошнія тыдні праваабаронцы атрымалі звесткі пра не менш за 15 такіх выпадкаў.
На сем'і журналістаў ціск аказваецца па-рознаму: прыходзяць і супрацоўнікі КДБ, і ўчастковыя міліцыянты, і ГУБАЗіК. Часцей за ўсё сілавікі "запрашаюць" на размову пра дзяцей, запытваюць пра іх месца жыхарства і г.д. У БАЖ дадаюць: у некаторых выпадках праводзілі ператрусы і агляды памяшканняў, былі і выклікі на допыты. Некалькіх чалавек прымусілі здаць сліну як узор генетычнага матэрыялу.
У ліпені таксама ўзмацніліся спробы вярбоўкі не толькі палітычных актывістаў, але і журналістаў. Асаблівую цікавасць у спецслужбаў выклікаюць нават тыя, хто атрымлівае вышэйшую адукацыю ў Польшчы.