Рэстаран у Мірскім замку недаплаціў у фонд Лукашэнкі амаль 55 тысяч рублёў

Унутраны двор Мірскага замка

Унутраны двор Мірскага замка / тэлеграм-канал замкавага комплексу "Мір"

Больш за 144 тысячы рублёў недаплачаных адлічэнняў у фонд Аляксандра Лукашэнкі па падтрымцы культуры і мастацтва налічыла пракуратура Гродзенскай вобласці.

Гаворка ідзе пра грошы, якія павінны пералічваць кампаніі і прадпрымальнікі, якія займаюцца бізнесам у будынках, прызнаных гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі, ці ў іх ахоўных зонах.

Парушэнні былі выяўленыя ў Гродне, Карэліцкім, Лідскім, Навагрудскім раёнах, заяўляюць у пракуратуры. Напрыклад, два рэстараны прыватнай кампаніі працуюць у гістарычных будынках. У 2025 годзе кампанія атрымала больш за 672 тысячы рублёў прыбытку. У фонд яна мусіла пералічыць 33,6 тысячы рублёў (5% ад прыбыткаў). Аднак фактычна было пералічана толькі дзве тысячы рублёў.

Рэстаран у Мірскім замку (імаверна, гаворка ідзе пра рэстаран "Княскі двор" у падзямеллі Мірскага замка) за чатыры гады пералічыў у згаданы фонд толькі 4,2 тысячы рублёў. Паводле пракуратуры, недаплата склала амаль 54,5 тысячы рублёў.

(Раней у сацсетках турысты скардзіліся, што ў наваколлі Мірскага замка цяжка знайсці месца для абеду. У выходны дзень кавярні і рэстараны зачыняюцца для абслугоўвання экскурсійных груп, а самастойным турыстам паесці няма дзе. Улады тлумачылі сітуацыю вялікім наплывам турыстычных груп.)

У Лідзе ўладальнікі грыль-бара ў ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці зусім не рабілі адлічэнні ў фонд Лукашэнкі. Напрыклад, летась яны завінаваціліся 5,4 тысячы рублёў.

Таксама ў пракуратуры адзначылі, што на больш чым 300 нерухомых гісторыка-культурных каштоўнасцей вобласці (гэта прыкладна паловы ад агульнай колькасці) не распрацаваныя праекты зон аховы. У некалькіх раёнах на аб'ектах не было ахоўных шыльдаў. У вёсцы Гайцюнішкі абсыпаецца цэгла з рэшткаў капліцы, у Вердамічах тэрыторыя былой сядзібы зарасла пустазеллем і хмызняком, а каля стаянкі перыяду неаліту ў вёсцы Мікалаева выявілі несанкцыянаваны сметнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.