Рэчы зніклых у Кыргызстане беларускіх альпіністаў знайшлі на вышыні 4500 метраў
Пошук зніклых альпіністаў / facebook.com/sashasmirnov
У Кыргызстане на вышыні 4500 метраў знайшлі рэчы зніклых беларускіх альпіністаў. Пра гэта ў Фэйсбуку напісаў іх сябар Аляксандр Смірноў, які падрабязна асвятляе выратавальную аперацыю.
"На вышыні 4500 метраў знайшлі рыштунак. Працавалі ўвесь дзень. Да абеду было сонца, потым з’явіліся аблокі, увечары пайшоў дождж. Паспелі выканаць два вылеты верталёта і шмат палётаў дрона", — падзяліўся ён падрабязнасцямі.
З дапамогай тэхнікі на заходнім баку грэбеня ўбачылі заплечнік і нейкую аранжавую рэч — магчыма, спальнік ці куртку.
"Побач ляжаць асобныя прадметы, мяркуючы па ўсім, з гэтага ж заплечніка. Падобна, што гэта рыштунак аднаго чалавека з групы. Ні хлопцаў, ні іх слядоў вакол і на грэбені не відаць", — напісаў Смірноў.
Ён мяркуе, што рэчы маглі бць згубленыя падчас спуску: "Калі б на гэтым участку сарвалася звязка, побач ляжаў бы рыштунак астатніх. Яго няма. Адкуль упаў заплечнік, яшчэ трэба будзе высветліць. Паводле рэльефу, ён мог прыляцець зверху — з крутога ўчастка вышэй за першы лагер, з вышыні 5100—5300 метраў".
Смірноў удакладніў, што афіцыйная інфармацыяю пра пошукі з'яўляецца на сайце kurumdy.by: "Калі нешта з’явілася ў СМІ або сацсетках са спасылкай на неназваныя крыніцы, а ў нас гэтага няма, значыць, гэта не праверана".
Як паведамлялася раней, пасля ўзыходжання на пік Курумды ў Кыргызстане знікла група дасведчаных альпіністаў. У яе ўваходзілі двое грамадзян Беларусі — 60-гадовы Мікалай Свірыдаў і 43-гадовы Максім Палянскі, а таксама жыхар Літвы Сяргей Рубцоў. Іх пошук вядзецца ўжо некалькі дзён.