Ратавальнікі пачалі спуск целаў двух альпіністаў, якія загінулі ў гарах Кыргызстана
Горы ў Кыргызстане / pixabay.com
Ратавальнікі пачалі спуск целаў двух альпіністаў, якія загінулі ў гарах Кыргызстана
"Верталёт высадзіў на ледавік на вышыні 4300 метраў каманду з пяці альпіністаў. Ратавальнікі разбілі лагер і адразу прыступілі да працы. Да вечара яны знайшлі целы дваіх удзельнікаў групы. Пачаты работы па спуску. Пошукі трэцяга працягваюцца", — напісаў удзельнік пошукава-выратавальнай аперацыі Аляксандр Смірноў.
Як паведамлялася раней, апазнанне целаў будзе адбывацца толькі пасля таго, як іх спусцяць з гары.
Таксама Смірноў дадаў, што падрыхтоўка да гэтага этапу заняла ўвесь мінулы тыдзень.
"Мы шукалі альпіністаў, гатовых на такую працу, і дамаўляліся з кожным, вялі перамовы па верталёце, збіралі рыштунак і выбудоўвалі лагістыку. Такую аперацыю нельга абвясціць, яе можна толькі сабраць па частках, і ўсе часткі павінны сысціся ў адзін дзень з надвор'ем. Сёння яны сышліся", — адзначыў ён.
Група з трох альпіністаў знікла пасля ўзыходжання на пік Курумды ў Кыргыхзстане. У яе ўваходзілі беларусы 43-гадовы Максім Палянскі і 60-гадовы Мікалай Свірыдаў, а таксама 37-гадовы літовец Сяргей Рубцоў. 1 жніўня яны ўзышлі на пік, на сувязь апошні раз выйшлі 2 жніўня. 4 жніўня альпіністы мусілі прыбыць у базавы лагер, але там іх не дачакаліся. Амаль два тыдні іх шукалі з дапамогай дрона і верталёта. 16 жніўня на здымках удалося разгледзець, дзе знаходзяцца целы.