Пяцёра мінчанак трапілі на лаву падсудных па справе "таемных пакупнікоў"
Крама, ілюстрацыйнае фота / тг-канал адміністрацыі Фрунзенскага раёна
Па справе "таемных пакупнікоў" будуць судзіць пяцярых мінчанак, якія дзесяць гадоў займаліся продажам курсаў у крамах. Пра гэта паведамляе пракуратура Магілёўскай вобласці.
Паводле следства, дзесьці да снежня 2015 года жанчыны аб'ядналіся ў групу для сумеснай дзейнасці. Пад выглядам звычайных пакупніц яны хадзілі па крамах і знаходзілі там парушэнні правілаў гандлю.
Пасля мінчанкі пагражалі зрабіць адпаведныя запісы ў Кнігу заўваг і прапаноў. У якасці альтэрнатывы яны прапаноўвалі гандлярам набыць у іх "навучальныя семінары".
"Работнікі, баючыся агалоскі і жадаючы пазбегнуць пакарання ды іншых негатыўных для сябе наступстваў, пералічвалі грашовыя сродкі на разліковыя рахункі падкантрольных абвінавачаным арганізацый", — дзеляцца падрабязнасцямі ў пракуратуры.
Жанчыны зарэгістравалі дзве камерцыйныя арганізацыі, пад "дахам" якіх працавалі да 2025 года. Як падлічыла следства, за 10 гадоў такой дзейнасці вымагальніцы атрымалі ад 430 чалавек амаль 102 тысячы рублёў.
Мінчанкам інкрымінавалі вымагальніцтва, здзейсненае арганізаванай групай у асабліва буйным памеры (ч. 3 арт.208 КК). За гэта ім пагражае ад 5 да 15 гадоў калоніі.