Праз блокпост на ўездзе ў Гомель утварыўся вялізны затор

Блокпост у Гомелі

Блокпост у Гомелі / тг-канал тэрабароны Гомеля

У другой палове нядзелі, 20 верасня, на ўездзе ў Гомель з боку Чарнігаўскай шашы ўтварыўся вялізны затор. У гэты час жыхары горада вярталіся з лецішчаў і вёсак. Прычынай стаў кантрольна-прапускны пункт з блокпастом, створаным у рамках вайсковых збораў тэрытарыяльных войскаў, пра які паведамляла выданне "Флагшток".

Паводле звестак анлайн-сэрвісаў затор расцягнуўся амаль на кіламетр. У каментарах гомельцы пісалі пра доўгія чэргі на ўезд у горад і рэкамендавалі не ехаць праз гэты ўчастак, а паварочваць на трасу М-8 пасля Калініна і рухацца па аб'язной дарозе.

Як адзначае "Флагшток", некаторыя допісы ў сацсетках на тэму блокпаста карыстальнікі выдалілі. Гэта адбылося пасля таго, як у каментарах з'явіліся пагрозы ад невядомых, якім не спадабалася, што аўтамабілісты папярэджваюць аб праверцы і раяць аб'язджаць участак.

Дарэчы, такія ж навучальныя блокпасты ў рамках збораў тэрабароны арганізавалі таксама ў Светлагорску і Акцябрскім.

Вучэбныя зборы тэрытарыяльных войскаў праходзяць у Гомельскім, Светлагорскім і Акцябрскім раёнах працягнуцца да 25 верасня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.