Прадстаўнік АПК па моладзевай палітыцы анансаваў працу над "візай маладога беларуса"

Варшава

Варшава / LookByMedia

Аб'яднаны пераходны кабінет (АПК) рыхтуе канцэпцыю спецыяльнай кароткатэрміновай візы ў Еўрасаюз для маладых грамадзян Беларусі. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі прадстаўніка АПК па моладзевай палітыцы і студэнцтву Аляксей Грахоўскі.

Дакумент павінен даць маладым беларусам магчымасць прыязджаць у краіны Еўрасаюза, падарожнічаць, удзельнічаць у кароткатэрміновых стажыроўках і знаёміцца з жыццём у Еўропе.

Канцэпцыя ініцыятывы ўжо падрыхтавана і перададзена еўрапейскім партнёрам, з якімі зараз ідуць кансультацыі. Канкрэтныя тэрміны запуску візы пакуль не называюцца.

"Канцэпцыя ёсць, з ёй мы звяртаемся да еўрапейскіх партнёраў. Яны нас слухаюць, кансультацыі праводзяцца, але больш на гэтым этапе я сказаць не магу", — удакладніў Грахоўскі.

Акрамя візавага праекта, прадстаўніцтва АПК намерана дамагацца прызнання беларускіх дыпломаў і атэстатаў у Польшчы, Літве і іншых краінах ЕС, а таксама пашыраць супрацоўніцтва з беларускімі моладзевымі арганізацыямі, у тым ліку з Нацыянальным моладзевым саветам "RADA".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.